21 лютага - Дзень беларускай мовы

Дата: 28 февраля 2020 в 10:10, Обновлено 28 февраля 2020 в 10:15
340 просмотров

                                                                                                                                   

                                                                                                                                     Родная мова – гэта першая

                                                                                                                                     крыніца, праз якую мы пазнаем

                                                                                                                                     жыццё і акаляючы нас свет.

                                                                                                                                                                                  Я.Колас

З 17 лютага па 21 лютага 2020 года ў дзіцячым садзе праходзіў тэматычны тыдзень, прысвечаны роднай мове.

Беларуская мова – гэта дзяржаўная мова беларусаў.

Наша родная мова самая прыгожая і вельмі мілагучная. Яна – нібы спеў салаў’я, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі, яна цёплая, як матуліна пяшчота.

Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі, як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў.

У нашым дзіцячым садку для выхаванцаў ўсіх груп былі падрыхтаваны розныя мерапрыемствы. Увесь тыдзень з выхаванцамі ўсіх груп праводзіліся заняткі, гульні, гутаркі, музычная дзейнасць на беларускай мове, дзе вырашаліся задачы: садзейнічаць папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячым калектыве; развіваць пазнавальную актыўнасць да роднай мовы і маўленне ў розных відах дзіцячай дзейнасці; выхоўваць любоў і моўнае чуццё да роднай мовы. 

Пры дапамозе беларускіх персанажаў выхавальнікі на працягу дня стваралі камунікатыўныя сітуацыі для зносін дзяцей на беларускай мове. У малодшых групах перавага аддавалася мастацкаму слову – пацешкам, забаўлянкам, казкам, вершам; у сярэдняй і старшай групах беларуская мова ўжывалася  ў розных гульнях (рухомыя гульні,  гульні-драматызацыі, гульні-дыялогі, гульні-разважанкі, гульні-падказкі і г.д.).

21 лютага дзень беларускай мовы, распачаўся вельмі ўрачыста, хвалююча і прыгожа.

З самага ранку чуліся словы “прывітанне”, “добрай раніцы”, “прыемнага дня”, “дзякую”.

Музычная зала садка ўпрыгожана беларускім арнаментам, дыванамі, саламянымі цацкамі,  вырабамі з гліны.

Для дзяцей была наладжана музычная забава “Гучы родная мова!”.  Усіх прысутных у зале вітала гаспадыня ў нацыянальным касцюме, хлопчыкі і дзяўчынкі ў вышыванках.

Завітаў да дзяцей і Несцерка. Ён прынёс ім загадкі, пагуляў у беларускую народную гульню “Міхасік”, зладзіў спаборніцтва ў веданні прыказак і  прымавак, адгадванні загадак, да якога далучыліся нават і гледачы ў зале.

Уразіла выкананне выхаванцамі песні “Беларусь мая, сінявокая!”,  дзеці не толькі спявалі, але і танцавалі. Дзяўчынкі выканалі танец “Рэчанька”, а хлопчыкі “Касіў Ясь канюшыну”. Задаволены Несцерка на развітанне пажадаў дзецям жыць здарова, любіць свой родны кут, часцей размаўляць на нашай роднай мове.

Такім чынам, беларуская мова гучала ва ўсіх узроставых групах на працягу тыдня. Дні роднай мовы даюць магчымасць напомніць пра тое, што мы - беларусы, а нашай роднай мовай з'яўляецца беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас усё жыццё.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.