Глабалізацыя эканомікі, мультыкультуралізм, развіццё міжнацыянальных інтэрнэт-дыялогаў спрыяюць як ажыўленню, так і рэфармаванню сучасных спосабаў камунікацыі. Агульнай назвай для вызначэння моўнага ўзаемадзеяння з’яўляецца тэрмін моўныя кантакты. У шырокім сэнсе гэтае паняцце азначае моўныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння дзвюх і болей моў: інтэрферэнцыя, білінгвізм, двухмоўе, дыгласія, канвергенцыя (інтэграцыя), дывергенцыя, полілінгвізм, мультылінгвізм.
Білінгвізм прывабліваў увагу навукоўцаў не столькі як з’ява лінгва-тэарэтычная, а найперш як феномен псіхалагічнай камунікацыі, як рознаўзроўневая сістэма моўна-практычных зносін пераважнай большасці сучасных людзей ва ўсім свеце (Г. Вішнеўская).
Ужо даўно вядома, што нацыянальная традыцыя з’яўляецца своеасаблівым абярэгам чалавека, бо яго арганізм (на энергетычным, генетычным, інфармацыйным узроўнях) знаходзіцца ў стане рухомай раўнавагі з акаляючым асяроддзем, самарэгулюецца гамеастазам.
На Беларусі білінгвізм – з’ява нацыянальнага маштабу, таму кожны сучасны чалавек павінен мець уласны імператыў адказнасці за сваю нацыянальную мову, яе месца сярод іншых моў краіны. Народы нашай дзяржавы аб’яднаны не толькі адной тэрыторыяй пражывання, але і адной моўнай прасторай, у якой шырока распаўсюджаны білінгвізм (у побытавай сферы, адукацыі, навуцы і інш.), таму існуе неабходнасць авалодвання дзвюма дзяржаўнымі мовамі.
Слова “білінгвізм” паходзіць ад двух лацінскіх: bi – “двайны” і lingua – “мова”. Такім чынам, білінгвізм – гэта валоданне дзвюма мовамі, двухмоўе, а чалавек, які мае такія здольнасці, называецца білінгвам. Білінгвізм – гэта неабходны сродак моўных зносін паміж народамі, якія кантактуюць эканамічна, палітычна, культурна. Навукоўцы (Л.Л. Касаткін, Л.П. Крысін, М.Р. Львоў і інш.) выдзяляюць некалькі тыпаў білінгвізму. Па колькасці засвоеных дзеянняў размяжоўваюць рэцэптыўны (чалавек разумее, але не размаўляе на іншай мове) і прадуктыўны (чалавек размаўляе на другой мове) білінгвізм. Па сувязі з мысленнем выдзяляюць непасрэдны (білінгв “думае” на другой мове) і апасродкаваны (асоба перакладае з роднай мовы выказванне на няродную мову) білінгвізм. Па ўмовах узнікнення размяжоўваюць натуральны (узнікае найчасцей у раннім дзяцінстве, у шматмоўных сем’ях) і штучны (узнікае ў выніку навучання) білінгвізм. Па колькасці ўдзельнікаў у моўных зносінах білінгвізм падзяляюць на індывідуальны і калектыўны. Білінгвізм у нашай краіне – з’ява натуральная, нацыянальная, якая склалася на працягу многіх стагоддзяў гісторыі беларускага этнасу. Сёння ў Рэспубліцы Беларусь дзве мовы гучаць на тэлебачанні і радыё, у навучальных установах і многіх сем’ях.
Як мы павінны ставіцца да білінгвізму сёння? Ці патрэбен ён беларускім дашкольнікам?
Відавочна, білінгвізм мае больш пераваг, чым адмоўных момантаў. Многія дзеці, якія з самага ранняга перыяду жыцця пачыналі авалодванне дзвюма мовамі, у трохгадовым узросце амаль іх не блыталі, калі не лічыць паасобныя падмены слоў іншамоўнымі лексічнымі адзінкамі. Гэтыя факты далі падставы некаторым лінгвістам памылкова сцвярджаць, што дзеці карыстаюцца адзінай моўнай сістэмай і толькі праз пэўны перыяд атрымліваюць здольнасць размяжоўваць дзве мовы. Адпаведна працэс актывізацыі білінгвальнай маўленчай дзейнасці дашкольнікаў ім бачыўся непатрэбным і бесперспектыўным. Аднак амерыканскія навукоўцы (Ф. Хэнэсі, Г. Крайг і інш.) атрымалі аўтарытэтныя эксперыментальныя дадзеныя аб тым, што дзеці-білінгвы карыстаюцца дзвюма рознымі моўнымі сістэмамі паасобку нават у самым раннім узросце. Таму ўжо ў развіцці маўлення малодшых дашкольнікаў неабходна мэтанакіраваная, сур’ёзная праца педагога.
Фарміраванне беларускага маўлення ў дашкольных установах – факт пазітыўны, бо спрыяе зберажэнню этнічнай, нацыянальнай культуры народа. Акрамя таго дашкольны ўзрост вызначаецца асаблівай сензітыўнасцю да ўспрымання і засваення другой мовы. Навучанне дзвюм мовам дашкольнікаў – праца перспектыўная, бо білінгвы ў будучым атрымліваюць магчымасць здзяйсняць паўнавартасныя моўныя кантакты з “іншамоўнай” часткай суайчыннікаў. Для бацькоў такім матывам авалодвання беларускай мовай можа стаць разуменне патэнцыйнасці атрымання ў будучым іх дзецьмі адукацыі або задаволенне патрэб навуковай дзейнасці. Для дзяцей матывацыя білінгвальнай адукацыі павінна выразна раскрывацца ў “бліжэйшай” перспектыве, г. зн. у іх штодзённай дзейнасці.
Асаблівасці развіцця маўлення дашкольнікаў ва ўмовах нацыянальнага білінгвізму:
- Дзеці са спазненнем засвойваюць маўленне.
- Слоўнікавы запас кожнай мовы ў дзяцей бяднейшы, чым у маналінгваў, аднак у суме лексікон дзіцяці большы.
- Пры адсутнасці сістэматычнага навучання, могуць быць праблемы з авалоданнем граматыкі.
Шляхі эфектыўнай працы выхавальніка ў дашкольнай установе ва ўмовах білінгвізму:
- Распрацоўка комплекса мер па ўдасканаленню маўлення дзяцей на другой мове.
- Арганізацыя паўнавартаснага навучальнага асяроддзя ў дашкольных установах на другой мове.
- Фарміраванне пазітыўных адносін сям’і дзіцяці да нацыянальнай мовы.
- Станоўчая ацэнка білінгвізму дзіцяці, яго заахвочванне, узмацненне матывацыі дашкольніка з боку дарослых.
Н. Маскаленка і Н. Старжынская, вытлумачваючы ключавое значэнне матывіроўкі дзіцяці ў засваенні ім другой мовы, слушна адзначаюць: “Асноўная роля ў навучанні належыць не паўтарэнню асобных слоў, сказаў, не завучванню гатовых дыялогаў з наступным іх разыгрываннем, а натуральнаму працэсу, у якім кожнае моўнае дзеянне (выказванне) пачынаецца з матыву, жадання нешта сказаць, падпарадкоўваецца мэце, дзеля якой будуецца выказванне, і перадае ўласныя думкі” [20, 36]. Ролю своеасаблівага каталізатара матывацыі дашкольнікаў да авалодання другой мовай могуць выконваць гульнявая, практычна-пазнавальная, працоўная дзейнасць.
Гульнявая дзейнасць, у аснове якой ляжыць творчы працэс “моўных адкрыццяў”, як сведчаць навукоўцы (А. Лявонцьеў, Ф. Сахін, Д. Эльконін і інш.), з’яўляецца асновай натуральнага, свабоднага, пазбаўленага нейкіх перашкод і пануканняў авалодання маўленчай дзейнасцю ў дашкольным узросце. Для эфектыўнага развіцця маўлення дашкольнікаў педагогам неабходна весці планамерную працу з паступовым ускладненнем яе зместу, рэгулярна ствараць гульнёвыя сітуацыі (як на спецыяльна арганізаваных занятках, так і ў свабодны ад заняткаў час), у аснове якіх будзе пакладзена абыгрыванне сюжэтаў фальклорных і мастацкіх твораў, актыўная дзіцячая словатворчасць. Моўныя гульні даюць магчымасць трывалага фарміравання маўленчых навыкаў дашкольнікаў, росту ўзроўню іх маўленчай і камунікатыўнай кампетэнтнасці. У гульні дзеці хутчэй наладжваюць моўны кантакт, лепш разумеюць субяседнікаў, выкарыстоўваюць у сваіх гульнях літаратурныя сюжэты, забаўлянкі, казкі, фантазіруюць, прыдумваюць свае ўласныя сюжэты.
Задавальненне гульнявых запытаў з’яўляецца ключавым імпульсам эфектыўнага засваення дашкольнікамі беларускага маўлення, той дзейнасці, якая з’яўляецца, з аднаго боку, абавязковай, а з другога – даволі цяжкай для дзяцей. Гульня здольна даць дзецям цікавасць, сімпатыю да маўленчай дзейнасці, нязмушанасць дзеянняў, спаборніцтва, актыўнасць.
Неабходна размяжоўваць два напрамкі працы педагога ва ўмовах білінгвізму:
- Выпраўленне і папераджэнне памылак, звязаных з уплывам беларускай і ўкраінскай моў, палескай гаворкі на маўленне па-руску.
Сёння руская мова ў Беларусі ўжываецца амаль ва ўсіх сферах моўнай камунікацыі, а беларуская – мова нацыянальная, “тытульная” –зберагае культуру народа, фальклор, таму білінгвальная адукацыя беларусаў дашкольнага ўзросту з’яўляецца надзённай неабходнасцю. Важна памятаць, што ў працэсе моўных зносін беларускамоўных беларусаў з рускамоўнымі індывідумамі разуменне дасягаецца без асаблівых цяжкасцей. Гэтаму садзейнічае блізкароднасны характар кантактуючых моў, які выражаецца ў значнай агульнасці лексікі, марфалогіі, сінтаксісу і фанетыкі. У выніку педагог дашкольных устаноў пазбаўлены неабходнасці разгляду з дзецьмі тых моўных аспектаў, якія ім ужо вядомы (напрыклад, вымаўленне аднолькавых гукаў, падобныя словаўтваральныя канструкцыі, значэнне аднолькавых па гучанню і значэнню слоў і выразаў, засваенне элементарных лінгвістычных тэрмінаў і інш.).
Разам з тым не выключана, што авалоданне другой мовай можа суправаджацца так званай інтэрферэнцыяй, г. зн. неўсвядомленым змешваннем білінгвам сістэм дзвюх моў. У выпадку кантакту рускай і беларускай моў як блізкароднасных гэтае ўздзеянне не істотнае, не павінна палохаць педагога, бо не складае цяжкасцей ва ўспрыманні і распазнаванні выказвання. Большасць даследчыкаў праблем білінгвізму (М.В. Бірылы, А.Я. Супрун, П.І. Шчэрба, А.І. Падлужны, П.В. Садоўскі і інш.) адзначаюць, што на пачатковым этапе авалодання другой мовай інтэрферэнцыя можа назірацца на розных узроўнях, аднак найдаўжэй захоўваецца ў фанетыцы. Гэта тлумачыцца першачарговым акцэнтаваннем увагі носьбітаў мовы на сэнсе, а не на вымаўленні. Таму важна памятаць, што пры агульнай падобнасці рускай і беларускай фанетычных сістэм існуе шэраг адрозненняў, якім неабходна вучыць дзяцей. У рускай мове двухмоўных дашкольнікаў могуць узнікнуць памылкі пры гукавым афармленні наступных фанем: шапялявае вымаўленне гукаў [з’], [дз’], [с’], [ц’]; толькі цвёрдае вымаўленне гукаў [ч] і [р]; замена выбуховага гука [г] на фрыкатыўны, дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.
Цяжкасці таксама могуць узнікнуць у вымаўленні асобных слоў. У рускай і беларускай мовах націск нярэдка не супадае. Сярод рускіх слоў, што адрозніваюцца ад адпаведных беларускіх месцам націску, і ўжыванне якіх можа выклікаць верагодныя памылкі ў дашкольнікаў, можна назваць наступныя: бородавка, боязнь, везти, волосы, вприсядку, вскочить, выигрывать, выходить, где-нибудь, глиняный, горячо, доска, дочиста, дочка, дрова, занятый, изредка, икать, имя, кашлянуть, корабль, кто-нибудь, легко, летать, лопух, маленький, малый, момент, морковь, мяукать, наспех, нести, ноздря, облегчить, обруч, перёд, поперёк, посуда, снежки, спина, щавель і інш. У дзяцей могуць узнікнуць дадатковыя цяжкасці ў засваенні націску ў асобных формах слоў, у якіх ёсць міжмоўныя адрозненні: голову – галаву, ногу – нагу, руку – руку, несла – несла, за борт – за борт, детьми – дзецьмі і інш.
Асобныя памылкі дашкольнікаў могуць узнікнуць на лексічным узроўні. Так, напрыклад, у рускай мове беларусаў “прыжыліся” многія беларусізмы (бульба, буряк, дядько, насбирать, батька, бабка, вдвох, забить, наполам, бусел, хлопец, хата, калыханка, конюшина, гроши, лялька, смак і інш.).
Для дзяцей, што размаўляюць па-руску, цяжкасці могуць узнікнуць таксама з вымаўленнем форм паасобных назоўнікаў, род якіх не супадае ў дзвюх мовах: боль, медаль, мозоль, надпись, обувь, посуда, пыль, собака, тень, тополь, цепь, яблоко і інш.
Інтэрферэнцыя – працэс двухбаковы. На Беларусі найбольшае пашырэнне атрымала руска-беларуская інтэрферэнцыя, аднак апошнім часам актывізаваны і адваротны вектар – нацыянальная мова, змагаючыся са знешнім уплывам, адаптуе рускую мову пад беларускую моўную сістэму.
- Выпраўленне і папераджэнне памылак, звязаных з уплывам рускай, украінскай, польскай моў, палескай гаворкі на маўленне на беларускай мове.
Руская, украінская, польская мовы, палеская гаворка спрадвеку служылі крыніцай абагачэння беларускай мовы. Фактарамі такога ўплыву з’яўляюцца генетычная роднасць і структурная блізкасць моў-суседак, недасканаласць лексічнага складу беларускай літаратурнай мовы, культурныя, эканамічныя і палітычныя кантакты народаў. У такіх умовах заканамерна ўзнікалі і памылкі, звязаныя з уплывам на беларускую мову іншых моў. Даследчыкі нацыянальнага білінгвізму А.Я. Міхневіч і А.А. Гіруцкі слушна адзначаюць: “Гісторыя сведчыць, што няма і не можа быць ні асобнай нацыянальнай культуры, ні асобнай нацыянальнай мовы без кантактаў, без узаемадзеяння з іншымі культурамі і мовамі. Непазбежныя і даўнія міжмоўныя кантакты, сувязі нацыянальных культур, багацце і паскоранае развіццё камунікатыўных патрэбнасцей людзей, набліжэнне эры “інфармацыйнага грамадства” – усё гэта з’яўляецца прычынай існавання двухмоўя і шматмоўя. Можна і трэба не пагаджацца з тым, якія формы набывае двухмоўе на нейкім этапе жыцця нацыі, можна і трэба крытыкаваць дэфармаваныя “праявы” яго бытавання, можна і трэба не прымаць скажэнні “моўнай свядомасці” пэўнай часткі нацыі. Але адзіна разумная і мэтазгодная палітыка ў гэтай сферы грамадскага жыцця заключаецца толькі ў тым, каб знайсці шляхі і патрэбныя сродкі фарміравання і выхавання шматмоўнай асобы” [21, с. 80].
Асноўнымі прычынамі ўзмацнення ўплыву рускай мовы на беларускую ў ХІХ–ХХ стагоддзях былі ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі і скіраваная палітыка русіфікацыі насельніцтва. Аднак татальнага выцяснення беларускай мовы рускімі моўнымі адзінкамі, як магло бы падацца на першы погляд, на самай справе не адбылося. Руская мова стала толькі пасрэднікам у плённым запазычванні іншамоўных слоў у беларускую мову. Па прыблізных падліках М.І. Крукоўскага, зробленых у канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя, запазычанні непасрэдна з рускай мовы складаюць 3–5 % слоўнага фонду беларускай мовы, у той час як іншамоўныя словы, якія прыйшлі праз рускую мову, – 13–15 % [30, с. 55]. Менавіта таму можна сцвярджаць, што асноўнай прычынай інтэрферэнцыі дашкольнікаў з’яўляецца не роднасная блізкасць беларускай і рускай моўных сістэм, а індывідуальная спецыфіка авалодвання мовай.
Вядомы даследчык білінгвізму У. Вайнрайх у сваёй працы “Аднамоўе і шматмоўе” звярнуў увагу на генетычна-прыродную схільнасць людзей да пэўнай формы моўных паводзін, калі адны валодаюць другой мовай амаль у дасканаласці, а ў іншых родная мова значна дамінуе і выклікае моцную інтэрферэнцыю [6]. Апошняя сітуацыя будзе больш пашыранай сярод дашкольнікаў, таму важна перанесці эмацыйныя ўстаноўкі з першай мовы на другую, падмацоўваючы іх зрокавымі рэакцыямі ў актыўнай практыцы. У працы з дашкольнікамі педагога не павінна палохаць сітуацыя, калі дзеці змешваюць дзве мовы. Аўтарытэтны грузінскі даследчык білінгвізму М.В. Імедадзе адзначыў, што гэта натуральная, “абавязковая” стадыя (1–2 гады) засваення двухмоўя, пасля якой пачынаецца выразнае размежаванне моў. У сувязі з гэтым можна лічыць станоўчымі рэкамендацыі як мага ранняга вывучэння другой мовы.
У беларускай мове дашкольнікаў-білінгваў пашыранымі з’яўляюцца лексічныя памылкі, выкліканыя беднасцю слоўнікавага запасу дзяцей: цёця (замест цётка), дзядзя (замест дзядзька), благадару (замест дзякуй), васкрасенне (замест нядзеля), сягодня (замест сёння), дзярэўня (замест вёска), мецель (замест завея) і інш. Распаўсюджаны таксама памылкі акцэнталагічныя: дочка (замест дачка), адзінаццаць (замест адзінаццаць), спіна (замест спіна) і г.д.
У беларускім маўленні білінгваў значную частку складаюць словаўтваральныя памылкі: вымакшы (замест вымаклы), ахрыпшы (замест ахрыплы), кантраліраваць (замест кантраляваць), па-чалавечаскі (замест па-чалавечы), бацькоўскі (замест бацькавы). Інтэрферэнцыя ў маўленні дашкольнікаў можа ўзнікнуць таксама на сінтаксічным узроўні: смяяцца над ім (замест смяяцца з яго), машына мамы (замест маміна машына) і інш. Асобныя парушэнні маўленчых норм можна заўважыць на марфалагічным узроўні: высокі таполя (замест высокая таполя), вазёра (замест возеры), вокна (замест вокны) і г.д.
Такім чынам, валоданне дзвюма мовамі (білінгвізм, двухмоўе) з’яўляецца неабходным сродкам моўных зносін паміж народамі, якія кантактуюць эканамічна, палітычна, культурна. Мэтазгоднасць выхавання білінгваў у раннім дашкольным узросце тлумачыцца найбольшай сензітыўнасцю гэтага перыяду, магчымасцю сфарміраваць у маладога пакалення трывалы пазітывізм да этнічнай, нацыянальнай культуры народа. У дзвюхмоўнай адукацыі дашкольнікаў неабходна ўлічваць асаблівасці развіцця іх маўлення ва ўмовах нацыянальнага білінгвізму і па магчымасці педагогу звяртацца да працы ў розных накірунках (узмацненне матывацыі, станоўчая ацэнка, арганізацыя адпаведнага асяроддзя, удасканаленне асабістага маўлення, фарміраванне пазітыўных адносін сям’і да двухмоўя).
Пытанні і заданні
- Паразважайце, ці спрыяе развіццю маўленчых і кагнітыўных навыкаў дзіцяці дашкольнага ўзроста неабходнасць авалодання дзвюма мовамі замест адной?
- Ці патрэбен, на ваш погляд, білінгвізм беларускім дашкольнікам?
- Якія два асноўныя напрамкі працы педагога па пашырэнню двухмоўя можна ўмоўна выдзеліць?
- Раскрыйце тыповыя асаблівасці развіцця маўлення дашкольнікаў ва ўмовах нацыянальнага білінгвізму.
- Пералічыце асноўныя шляхі эфектыўнай працы выхавальніка ў дашкольнай установе ва ўмовах білінгвізму.
- Якія цяжкасці могуць узнікнуць у руска-беларускіх білінгваў дашкольнага ўзросту на ўзроўні фанетычнай сістэмы мовы.
- Растлумачце, чым выкліканы асобныя памылкі дашкольнікаў-білінгваў на лексічным узроўні маўлення.
- Растлумачце значэнне тэрміну “інтэрферэнцыя”.
- Раскрыйце сутнасць выпраўлення і папераджэння памылак, звязаных з уплывам рускай мовы на беларускамоўнае маўленне дашкольнікаў.
Кантрольны тэст
1. Аптымальным узростам для фарміравання двухмоўя асобы з’яўляецца:
- Дашкольны ўзрост.
- Старэйшы дашкольны ўзрост.
- Малодшы дашкольны ўзрост.
2. Які агульны тэрмін служыць для вызначэння моўнага ўзаемадзеяння ў шырокім сэнсе?
1. Моўныя кантакты.
2. Моўная асіміляцыя.
3. Білінгвізм.
3. У дзяцей неабходна развіваць білінгвізм, бо:
- У будучым ім прыйдзецца жыць у грамадстве, дзе суіснуе дзве мовы – беларуская і руская.
- Адмова ад другой, “хатняй” мовы (адрознай ад мовы навучання ў дашкольнай установе) можа выклікаць эмацыянальныя і псіхалагічныя цяжкасці для бацькоў і дзяцей.
- Другая мова дапамагае знаёмству з другой культурай.
- Вывучэнне другой мовы для дзяцей – лёгкі працэс, для якога не патрэбны амаль ніякія намаганні.
- У білінгваў IQ у сярэднім значна вышэй, чым у маналінгваў.
4. Вызначце правільныя сцвярджэнні.
- Адмова ад адной з дзвюх моў ва ўмовах білінгвізму спрыяе аўтаматычнаму ўдасканаленню засваення другой мовы.
- Дзеці-білінгвы выразна размяжоўваюць дзве мовы.
- Вывучэнне дзвюх моў адначасна можа прывесці да блытаніны і сур’ёзных праблем моўнага развіцця дзіцяці.
- Удасканаленне навыкаў у першай мове садзейнічае засваенню другой мовы.
- Для авалодання білінгвізмам важна стварыць дзецям умовы, калі яны будуць слухаць аўдыёзапісы, маўленне выхавальніка і інш. на другой мове.
- Ва ўмовах адсутнасці натуральнага білінгвальнага асяроддзя дашкольнікам неабходна стварыць штучнае, што дапаможа фарміраванню ў іх двухмоўя.
5. Вызначце асаблівасці развіцця маўлення дашкольнікаў ва ўмовах нацыянальнага білінгвізму.
- Дзеці са спазненнем засвойваюць маўленне.
- Слоўнікавы запас кожнай мовы ў білінгваў бяднейшы, чым у маналінгваў, аднак у суме лексікон дзіцяці большы.
- Дашкольнікі ўжываюць другую мову толькі ў гульнявой дзейнасці.
- Пры адсутнасці сістэматычнага навучання могуць быць праблемы з авалоданнем граматыкі.
6. Выкарыстанне дзецьмі ў адной фразе слоў з дзвюх моў сведчыць пра тое, што:
- Дзеці не могуць адрозніць адну мову ад другой.
- Дзеці ведаюць, што слухачы разумеюць дзве мовы і не пакрыўдзяцца на іх за падобныя сказы.
- Білінгвы змешваюць і блытаюць мовы.
7. Вядомымі папулярызатарамі развіцця роднага маўлення дашкольнікаў у Беларусі былі:
- Ф. Сахін.
- Л. Выгоцкі.
- Н. Старжынская.
- Дз. Дубініна.
8. Якое азначэнне тэрміну “білінгвізм” з’яўляецца карэктным?
- Білінгвізм – гэта двухмоўе.
- Білінгвізм – адхіленні ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы.
9. Вызначце правільнае тлумачэнне тэрміну “білінгв”.
- Білінгв (біглот) – асоба, якая актыўна карыстаецца дзвюма мовамі.
- Білінгв – гэта асоба, якая разумее выказванні на дзвюх мовах.
- Білінгв – асоба, якая змешвае ў сваім маўленні лексіку дзвюх моў.
10. Якое азначэнне паняцця “інтэрферэнцыя” з’яўляецца памылковым?
- Інтэрферэнцыя – маўленчыя памылкі ў выніку ўзаемаўплыва дзвюх моў.
- Інтэрферэнцыя – станоўчае ўздзеянне на маўленне асобы другой мовы.
- Інтэрференцыя – узаемаўплыў дзвюх моў.
- Інтэрферэнцыя – міжвольнае, несвядомае адхіленне ад нормаў мовы, выкліканае перанясеннем у яе сістэму асаблівасцей іншай, роднай мовы.
11. Вызначце правільныя палажэнні.
-
- Інтэрферэнцыя ўзнікае толькі ў другой, дадатковай мове і з’яўляецца вынікам уплыва на яе асноўнай, “роднай” мовы.
- Інтэрферэнцыя – гэта памылкі, якія пераважна ўзнікаюць у роднай мове з-за ўплыва на яе другой мовы.
- Інтэрферэнцыя – гэта памылкі маўлення ў выніку ўплыву любой з двух моў на іншую ва ўмовах білінгвізму.
12. Інтэрферэнцыя найбольш устойліва:
- У лексіцы, бо ў ёй найбольш міжмоўных адрозненняў.
- У фанетыцы, бо носьбіты мовы ў першую чаргу акцэнтуюць увагу на сэнсе выказвання, а не на вымаўленні.
- У граматычным ладзе маўлення, бо марфалагічныя і сінтаксічныя нормы найбольш цяжкія для засваення, бо прыходзіцца запамінаць мноства непрадуктыўных форм і выключэнняў.
13. Назавіце эфектыўныя шляхі развіцця маўлення дзяцей ва ўмовах білінгвізму.
- Павелічэнне інтэнсіўнасці нагрузак пры вывучэнні другой мовы.
- Распрацоўка комплекса мер па ўдасканаленню маўлення дзяцей на другой мове.
- Арганізацыя паўнавартаснага навучальнага асяроддзя ў дашкольных установах на другой мове.
- Адвядзенне аднолькавага часу на авалоданне адной і другой мовамі.
- Фарміраванне пазітыўных адносін сям’і дзіцяці да другой мовы.
- Узмацненне матывацыі дашкольніка з боку дарослых.
- Паступовае пашырэнне адпаведнай камунікатыўнай прасторы.
- Увядзенне беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці.
- Удасканаленне моўнага чуцця.
14. У якіх нарматыўных дакументах упершыню была сфармулявана стратэгія білінгвальнай адукацыі на Беларусі?
- “Канцэпцыя развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990).
- “Закон аб адукацыі” (1992).
- “Канцэпцыі адукацыі і выхавання ў Беларусі” (1993).
15. Вызначце, які білінгвізм неабходна развіваць у дашкольных установах.
1. Рэцэптыўны.
2. Прадуктыўны.
3. Непасрэдны.
4. Апасродкаваны.
5. Натуральны.
6. Штучны.
16. Пералічыце асноўныя фактары, якія ўплывалі на станаўленне і развіццё білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі.
- Сацыякультурныя традыцыі развіцця грамадства.
- Дзяржаўная моўная палітыка.
- Адсутнасць сфармаванага беларускага этнасу.
- Палітычнае становішча.
- Кадравае забеспячэнне двухмоўнай адукацыі.
- Метадычнае забеспячэнне педагагічнага працэса (праграмы, падручнікі, дапаможнікі).
- Дзяржаўная палітыка ў накірунку агульнаеўрапейскай інтэграцыі беларускай адукацыі.
Анкета
для вывучэння вопыта педагогаў у галіне развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў
- З якога ўзросту неабходна вучыць дашкольнікаў беларускай мове?
а) малодшы;
б) сярэдні;
в) старэйшы.
- З якой перыядычнасцю вы праводзіце заняткі па-беларуску?
а) часцей аднаго раза ў тыдзень;
б) адзін раз у тыдзень;
в) прыблізна адзін раз у месяц;
г) вельмі рэдка.
- Ці выкарыстоўваеце вы элементы беларускага фальклору (загадкі, прымаўкі, фразеалагізмы і інш.) у паўсядзённых зносінах з дзецьмі?
а) так;
б) не.
- Ці даводзілася вам назіраць самастойнае выкарыстанне дашкольнікамі элементаў фальклору ў паўсядзённым маўленні?
а) так;
б) не.
- Ці былі вы сведкамі выкарыстання беларускага фальклору вашымі калегамі?
а) так;
б) не.
- Ці ёсць у вашай дашкольнай установе метадычны матэрыял, які можна было б выкарыстоўваць для развіцця маўлення дзяцей?
а) так;
б) не.
- Ці ведаеце вы якія-небудзь маўленчыя гульні, у якіх выкарыстоўваецца ці магчыма было б выкарыстаць элементы беларускага фальклору?
а) да;
б) нет.
- У якіх відах дзейнасці ў сваёй працы з дзецьмі вы выкарыстоўвалі беларускі фальклор?
а) у непасрэдна адукацыйнай дзейнасці;
б) у гутарках;
в) у назіраннях;
г) у народных гульнях;
д) у гульнях на развіццё дробнай маторыкі;
е) у тэатралізаванай дзейнасці, інсцэніроўках;
ж) у практычна-пазнавальнай дзейнасці;
з) на прагулках.
- У развіцці якіх бакоў маўлення дашкольнікаў, на ваш погляд, эфектыўна выкарыстоўваць фальклор?
а) развіццё гукавой культуры маўлення;
б) развіццё лексічнага запаса;
в) развіццё звязнага маўлення;
г) фарміраванне граматычнага ладу маўленння;
д) развіццё інтанацыйнай выразнасці маўлення;
е) падрыхтоўка дзяцей да навучання грамаце.
- У развіцці якіх бакоў маўлення дашкольнікаў вы выкарыстоўвалі беларускі фальклор?
а) развіццё гукавой культуры маўлення;
б) развіццё лексічнага запаса;
в) развіццё звязнага маўлення;
г) фарміраванне граматычнага ладу маўленння;
д) развіццё інтанацыйнай выразнасці маўлення;
е) падрыхтоўка дзяцей да навучання грамаце.
- На якіх немаўленчых занятках можна развіваць беларускае маўленне дзяцей?
а) матэматычных;
б) па выяўленчым мастацтве;
в) фізічнай культуры;
г) па азнаямленню з прыродай.
- Якія віды беларускага фальклору вы выкарыстоўвалі ў сваёй педагагічнай дзейнасці?
а) казкі;
б) лічылкі;
в) прымаўкі;
г) cкорагаворкі;
д) дразнілкі;
е) пацешкі;
ж) загадкі.
- Ці сустракалі вы ўжыванне беларускай мовы ў маўленні бацькоў дашкольнікаў?
а) так;
б) не.
ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК
Апасродкаваны білінгвізм – выкарыстанне дзвюх моўных сістэм, у аснове якога – пераклад асобай з роднай мовы выказвання на няродную мову.
Білінгв (біглот) – асоба, якая актыўна карыстаецца дзвюма мовамі.
Білінгвізм – двухмоўе.
Дуалінгвізм – здольнасць розных персон разумець чужую мову ва ўмовах карыстання кожным уласнай мовай. Дуалінгвізм узнікае, звычайна, на памежжы роднасных моў, напрыклад, на беларуска-польскім прыграніччы.
Інтэрферэнцыя – неўсвядомленае змешванне білінгвам сістэм дзвюх моў. Словаўтваральная інтэрферэнцыя дашкольнікаў узнікае як вынік недастатковага засваення словаўтваральнай структуры слоў другой мовы і выкарыстання ўзамен мадэлі роднай мовы (вумны, пярчаткі, здзесь).
Канвергенцыя (інтэграцыя) – збліжэнне моўных сістэм у цэлым або на нейкіх яе ўзроўняў у выніку роднаснага і працяглага кантактавання.
Моўныя кантакты – моўныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння дзвюх і болей моў: інтэрферэнцыя, білінгвізм, двухмоўе, дыгласія, канвергенцыя (інтэграцыя), дывергенцыя, полілінгвізм, мультылінгвізм.
Міжмоўныя амонімы – словы з розных моў, аднолькавыя па гучанню і блізкія ці аднолькавыя ў напісанні, аднак адрозныя па сэнсу: трус (“палахлівец” у рус. мове) – трус (“кролик” у бел. мове), плот (“сродак перасоўвання па вадзе” у рус. мове) – плот (“ограда” ў бел. мове).
Натуральны білінгвізм – натуральнае, не заснаванае на спецыяльна арганізаваным навучанні выкарыстанне ў маўленні дзвюх моў, узнікшае найчасцей у раннім дзяцінстве, у шматмоўных сем’ях.
Непасрэдны білінгвізм – аўтаномнае выкарыстанне дзвюх моўных сістэм.
Паралексы – словы з роднасных моў (напрыклад, рускай і беларускай), якія пры адносным сэнсавым і фармальным падабенстве характарызуюцца пераважна нерэгулярнымі адрозненнямі на фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, акцэнталагічным ўзроўнях і г.д.: кухонный – кухонны, родинка – радзімка, уехать – выехаць, баранка – абаранак.
Прадуктыўны білінгвізм (поўнае, актыўнае двухмоўе) – актыўнае выкарыстанне ў маўленні дзвюх моўных сістэм.
Рэцэптыўны білінгвізм (пасіўнае двухмоўе) – частковае выкарыстанне ў маўленні дзвюх моўных сістэм, калі чалавек разумее, але не размаўляе на іншай мове.
Спрошчанае маўленне (рус. полуязычие, англ. semilingualism) –абмежаванае маўленне, якое найчасцей узнікае ў выніку перамешвання кантактуючых блізкароднасных моў. Напрыклад, суржык (на Украіне), трасянка (на Беларусі).
Сродкі навучання – спецыяльна створаны моўны матэрыял (кнігі, аўдыёзапісы), метады працы, наглядныя дапаможнікі (рэпрадукцыі, фотаздымкі, друкаваныя настольныя гульні, самаробныя дапаможнікі і інш.). Спалучэнне розных сродкаў у працэсе білінгвальнага навучання спрыяе фарміраванню ўстойлівых маўленчых уменняў. Напрыклад, у слоўнікавай працы практыкуецца не ізаляванае завучванне і ўжыванне слоў, а групавое аперыраванне семантычна блізкімі словамі падчас гульнявых сітуацый або прадметна-практычнай дзейнасці з выкарыстаннем нагляднасці, са зменай метадаў і прыёмаў навучання (імітацыя, прыдумванне загадак, разгляд, тлумачэнне, чытанне і г.д.).
Трасянка (мяшанка) – гутарка беларусаў, якая ўтварылася ў выніку змешвання беларускіх дыялектаў і беларускай, польскай, украінскай, рускай моў.
Трансфер (транспазіцыя) – станоўчы перанос навыкаў маўлення на адной мове на маўленне на іншай.
Унутрымоўная дыгласія – своеасаблівая форма авалодання дзвюма самастойнымі мовамі, ужыванне якіх функцыянальна размежавана ў залежнасці ад сітуацыі ці сферы моўнай камунікацыі (напрыклад, у афіцыйнай – адна мова, у размоўна-бытавой – другая мова).
Чуццё мовы (моўная інтуіцыя) – аўтаматычнае, інтуітыўнае выкарыстанне моўных мадэляў, слоў, інтанацый па аналогіі з ужо вядомымі. Фарміруецца падсвядома ў працэсе шматразовага ўспрымання чужога маўлення. Удасканаленне чуцця мовы дашкольнікаў асабліва важна ў працэсе авалодвання імі граматычным ладам мовы, складанымі граматычнымі нормамі, спосабамі словаўтварэння і сказабудовы.
Шматмоўе (полілінгвізм, мультылінгвізм (англ.), плюрылінгвізм (фр.)) – выкарыстанне насельніцтвам адной дзяржавы некалькіх моў (напрыклад, у Швейцарыі – нямецкай, французкай, рэта-раманскай, італьянскай моў).
Штучны білінгвізм – двухмоўе, узнікшае ў выніку навучання.