Сцэнарыі свят

Дата: 15 апреля 2022 в 10:50, Обновлено 30 января 2023 в 12:06

Сцэнарый музычнай забавы “Слаўна Масленка!”             

                       Свята праходзіць на пляцоўцы дзіцячага сада
Вядучы.Мы клічам сюды ўсіх, хто любіць вяселле, песні і смех.
1 дзіця. Мы адзначаем свята провадаў Зімы.
2 дзіця. Зіму праводзіць будзем, а Вясну сустракаць.
3 дзіцяВас чакаюць гульні, жарты — быць пахмурным тут не варта!
Вядучы. Што, госцейкі, мабыць, змерзлі? Пагрэцца не жадаеце? Тады давайце патанцуем.

                             Танец “Лявоніха”

                   На пляцоўцы з 'яўляюцца дзеці ў касцюмах зімовых месяцаў.
Снежань.

Сіні лёд дрыжыць, белы конь бяжыць,
На санях Зіма ў кажусе ляжыць.

Студзень.

Яна едзе ў даль на апошні баль,
I за гэта ёй — ледзяны медаль!

Люты.

Ля новых варот робіць паварот,
Гэй, дарогу дай, расступіся народ!
                                    На пляцоўку выходзіць Зіма.
Зіма.

Добры дзень, сябры! Я прыйшла сюды зноў.

Дазвольце сказаць некалькі слоў:

Жадаю я вам здароўя многа,

Шчасця на доўгіх жыцця дарогах,

А ў працы, у песні ды ў вершы

Каб кожны заўсёды быў першы

У кола разам станавіся,

У танец музыка заве!

Моцна за рукі бярыся,

Добра тут табе і мне!

                          Карагод “Злая завіруха” сл. І муз. Я.Жабко
Вядучы.

А мы Масленку чакалі,
Тару сырам набівалі,
Зверху маслам палівалі!
                                             Гульня “Блін гарыць”

На падлозе выкладаецца па кругу вяроўка. Дзеці становяцца ў круг. Лавец, стаўшы спіной да круга на адлегласці 1,5 м гаворыць: “Блін гарыць!”. Усе выбягаюць з круга, але адразу ж імкнуцца забегчы ў яго зноў. Лавец у гэты час спрабуе запляміць дзяцей.

                                       З'яўляюцца Баба Яга і Лясун.
Баба Яга. Паглядзі, Лясун, колькі тут народу сабралася. Вось бачыш — у іх свята, а нас не запрасілі. Тады мы будзем ім помсціць.

                                      Гульня “Хвост Бабы-Ягі”

Зіма: Дзеці, вам цёпла ці не?

Дзеці: Цёпла!

Зіма: І мне ўжо горача! Напэўна пара мне ў дарогу збірацца. Дарагія дзеці. Час настаў разлучэння, Але хачу сказаць вам толькі да пабачэння!

                                         Зіма пакідае пляцоўку
Вядучы. Давайце клікаць Вясну.

Вясна-красна! Прыйдзі, Вясна!

З ільном высокім – Гу!

З каранём глыбокім – Гу!

Пад музыку насустрач дзецям ідзе Вясна
                                     Карагод "Дзе ж ты, Вясна?"

З'яўляецца Вясна.

Вясна: Добры дзень, дзетачкі! Гэта я – Вясна! Вы мяне чакалі, вы мяне запрашалі, вось я і прыйшла!

Вядучы. А дзе вясна бывала?

Вясна: у лесе зімавала.

Вядучы. Што ты там рабіла?

Вясна:  Жэрдзі высякала, гарод гарадзіла. Станавіцеся ў карагод.

                    Карагод “Дачакаліся цяпла” муз. і сл. Я.Жабко

Вясна. Асілкаў смелых, моцных, дужых заву я зараз да сябе.
                                      Гульня Перацягні канат

                      Умомант гульні Баба Яга і Лясун крадуць Вясну.
Вядучы. Дзеці, дзе ж гэта дзелася Вясна? Напэўна, Баба Яга і Лясун яе ўкралі. I як жа мы будзем без Вясны? Вось і канверт нейкі.

“Каб вярнуць вясну, трэба адгадаць загаді”

Баба Яга і Лясун

Дзеці адгадваюць загадкі

Белы, але не цукар,

Бязногі, а ідзе. (Снег)

З неба падае зімой,

Ціха кружыць над зямлёй,

лёгкая пярынка

Белая ... (Сняжынка)

Вісіць яна ўніз галавою,

Не ўлетку, а снежнай зімою.

Як толькі вясна ў свет прыйдзе,

Заплача і ў снег зваліцца. (Ледзяшы)

Як простае шкло, ён празрысты,

Але для вокнаў не прызначаны. (Лёд)

Без рук малюе, без зубоў кусае. (Мароз)

Улетку адпачывалі: снежную пару чакалі,

А дачакаліся зімы - пакацілі з гары. (Санкі)

На чаравіках ў мяне

Драўляныя сябры,

Палкі ў рукі і стралой

Я качу на іх зімой. (Лыжы)

Льецца рэчка - паляжыць,

Лёд на рэчцы - пабяжым. (Канькі)

                            Баба Яга і лясун выртаюць вясну.
Вясна. Загадкі адгадалі, дзякуй вам усім за тое што дапамаглі мне. А зараз прапаную вам гульні-эстафеты.
- бег на адной лыжы;

- бег у абручы;

- бег на мятле;

- пінгвіны.
Вядучы. А дзе ж гэта наша Масленіца? Давайце паклічам яе:
                             Песня "У нас сёння Масленіца "
Вядучы. Каб лета было шчодрае, каб вырас добры ўраджай, трэба спаліць чучала Масленіцы.
    Падпальвае чучала, дзеці спяваюць песню "Ой, Масленка-няшчасненька”

Вясна: Шчыра ўсіх мы запрашаем

Блін запіць духмяным чаем!

                                Усе частуюцца блінамі з гарбатай.
Вядучы. Масленка, Масленка, бывай зіма красненька!

 

Музычная забава

“Калядкі – бліны, аладкі”

Лявон, Лявонiха, Чорт, Мiкiта, Каза, Ведзьмадарослыя.
Хата Лявоніхі і Лявона, запальваецца святло. Лявон ляжыць. Уваходзіць Лявоніха.

Лявоніха: Лявон! Лявон! Ды дзе ты? Куды запрапасціўся? (Шукае). А што ж гэта такое робіцца? Спіць на печы, як пшаніцу прадаўшы. Уставай, чаго ты разлёгся. Ужо я і кабанчыка накарміла, і кур, і гусей даглядзела, вады прынесла і ў печы выпаліла, бліноў, пірагоў напякла, а яму нічрога не трэба. Уставай кажу, хутка калядоўшчыкі прыйдуць.
Лявон: Устаю, устаю (аглядае хату). Ай да жонка ў мяне, усе падрыхтавала! Ты мая, кветачка (спявае песню “Чаму ж мне не пець”).
Лявоніха: Людзі добрыя, паглядзіце на яго. У хаце процьма работы, а ён толькі спявае. Прынясі сена, трэба за стол садзіцца, куццю есці.

Лявон ідзе за сенам.

Лявоніха: Ой, стамілася я зусім (сядае). Жывем мы з Лявонам небагата: ёсць у нас пяць авечак, кароўка, бычок, чатыры свінкі, парсючок, куры, гусі, качаняты і адзінпевень, чубаты. Ну, дзе мой Лявон? Ізноў яго не дачакацца.
Лявон: Іду, іду, мая галубачка! Вось сена на стол прынес, гатуй, мая дараженькая.

Спяваюць і накрываюць на стол.

Лявон: Які багаты стол калядны! Чаго тут толькі няма.

Садзяцца за стол, хрысцяцца. Першую лыжку куцці нясуць да акна і клічуць: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці. Каб ты не марозіў летам расаду”.  Падаюць лыжкі.

Лявоніха: Ой, лыжкі падаюць, мабыць, калядоўшчыкі ідуць.
Лявон: Хай заходзяць, у нас усяго багата. Я вельмі рад гасцям.
Лявоніха: Паглядзіце вы на яго. Сядзіць, рот да вушей, хоць ты вяровачкі прышый.Ідзі гасцей запрашай.

Стук у дзеры, выбегае Чорт.

Лявон: Чаго стукаеш – грукаеш? Якія весткі прынес да нас? Что дзе новага ў весцы?
Чорт: Новага нічага няма. Толькі ходзіць  вясёлая Каляда калядуючы ды жубруючы. А я наперадзе калядоўшчыкаў бягу, зараз і ў вашу хату зайшоў. Дары, гаспадар, бочку пшаніцы, бочку мёда, рэшэта аўса – наверх каўбаса.
Лявон: Ах, ты Чорт калматы, хвост паласаты. Калядаваць табе трэба. Табе трэба ў лесе сядзець ды на зоркі глядзець. Лявоніха, а дзе ж гэта наш мех? (Нясе мех). А ну,  зірні ў мех, мабыць там каўбаса ляжыць. 

Чорт залазіць у мех, Лявон з Лявоніхай яго завязваюць.  Чуваць званочкі.

Лявоніха: Чуеце,  званочкі. Гэта каляда, едзе на сівінькім коніку. Каляда – гэта даўняе свята, на якім вадзілі Казу, каб на полі быў добры ўраджай, каб  у сям’і былі усе здаровыя і багатыя, спявалі шчадроўкі.

 Стук у дзверы. Уваходзяць калядоўшчкі, Мікіта і Каза.

Лявон: Праходьце госці дараженькія.

Усе: Добры вечар, таму хто ў гэтым даму!
Лявон: Міласці просім да нас ў госці.
Лявоніха: Ад куль вы?
1 дзiця: Мы хадзілі, гулялі, спявалі, калядавалі. Прыйшлі і ў вашу хату.
2 дзiця: Дай, цетка, каубасу, бо я хату растрасу!
3 дзiця: Дай, цётка пірог, я пайду за парог!
4 дзiця: Вазьмі нажа вострага, адрэж сала тоўстага!
Лявоніха: А за што ж вас частаваць? Спачатку трэба загадкі адгадаць.

ЗАГАДКІ

Лявоніха: Добра адгадвалі!
Мусіць, ад бога талент маеце.
Мікіта: А ці рады вы нам?
Лявоніха: Рады, рады!А з чым ты прыйшоў?
Мікіта: З казою шэраю, вясёлаю.
Лявон: Ой, няхай яна паскача.
Мікіта: Давай каза, паскочым, ды ножкамі пастрыкочым. Гэй, музыкі, грайце, а гаспадар з гаспадыней усіх у карагод запрашайце.
                                                         Карагод “Тупу-туп каза”

                    Каза ловіць дзяцей, дзеці ўцякаюць, а каза падае.
Лявоніха: Ай, ай, памерла, Каза! А Божа ж мой!
Мікіта: У мяне каза вучоная, любіць пачастункі, хоча падарункі.
Лявоніха: Зараз, зараз, так добра яна скакала, зарабіла пачастункі.
          Лявоніха падносіць пачастункі, але Каза матае галавой, шэпча на вуха            

                       Мікіце, што хоча грошы. Лявоніха запраўшае іх за стол.

Лявон: Вось вам і сыр на талерцы, і сала, і капеечкі.
Лявоніха: Ой, мае чаравічкі укралі, яны вось тут стаялі. Гэта ты, Лявон вінаваты.
Лявон: Не плач, мая галубка! Ой, тупну нагой, ды прытупну другой! Колькі, я не тапачу, танцаваць яшчэ хачу. Дзеці, а ці дапаможыце вы мне паскакаць.
Усе: Так.
                                         Пляска “Лявоніха”
                           Лявон дарыць Лявоніхе чаравічкі.

Лявон: Завіруха паднялася на вуліцы. Вунь і свет пагас, нясі Лявоніха свечку.
                                  Лявоніха ідзе за шырму і заве Лявона.

З`яўляецца Чорт і Ведзьма. Пяюць.

Чорт: Паглядзі, куды я цябе прывеў, Я ўжо тут быў сення, але мяне гаспадар падманіў і пасадзіў у мяшок. Але я ўцек і прыйшоў сюды яшчэ. А глянь колькі тут мелачы пазбіралася. Дзеці, а адкуль вы тут з`явіліся?
Дзiця: Мы прыйшлі на Каляды.
Чорт: Ага! На каляды! А я ж ведаю на Каляды гуляюць у гульні. Ці хочаце пагуляць са мной у гульню.
                            Гульня “Хвосцікі”, “Снежны ком”
Ведзьма: А што гэта за калядкі, калі няма ні бліноў, ні аладак.
Чорт: Як няма? Хадзі за мной (ідуць за стол, частуюцца. З`яўляюцца Лявон і Лявоніха).
Лявоніха: Ой, свят, свят (крэст).
Лявон: Чаго без дазволу частуецеся?
Чорт: Мы прыйшлі печ паламаць, бліны пазьбіраць.
Лявоніха: Нясі, Лявон, хварасціну, мы іх зараз пачастуем.

Праганяюць. Свет уключаецца.

Лявоніха: А вы музыкі, грайце, грайце.
А вы, госцікі, гуляйце, гуляйце
Запрашаю ўсіх у карагод.
                                            Карагод
Лявоніха: Ну, дзякуй нашым калядоўшчыкам, весела было, я аж успомнiла сваю маладосць i нават памаладзела!

Лявон: З даўнiх часоў людзi верылi – як пачнеш год, так i пражывеш! Хай шчасце наш край не мiнае!

ЛявоніхаШаноўныя госці – жадаем вам шчасця і здароў`я!
Жыць  пажываць ды дабра нажываць.
Каб доўгія гады жылі,
Каб здаровыя былі.
Лявон: Дзякуй вам, госцейкі добрыя,
За сустрэчу прыветную!
Каб пілося вам і елася
І спяваць хацелася!
Лявоніха: Ну, а зараз, частуйцеся блінамі и цукеркамі.

Песня Калядачкi

Фальклорнае свята "ВОСЕНЬСКІ КІРМАШ"

(для выхаванцаў сярэдняй і старэйшай груп)

Праграмныя задачы: фарміраваць асновы музычнай культуры (культуру ўспрымання і выканання), выканальніцкія ўменні і імкненне да самавыражэння ў розных відах музычнай дзейнасці; развіваць эмацыянальную сферу на аснове пашырэння дыяпазону эстэтычных перажыванняў, здольнасць да ўспрымання музычных вобразаў і іх выразнай перадачы ў рухах, якія адпавядаюць характару музыкі; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, творчыя адносіны да розных відаў музычнай дзейнасці.

Матэрыял і абсталяванне: касцюмы гаспадынь, Жытнёвага каласку, Бульбінкі, Несцеркі, Бабы, Дзеда, Каровы; вырабы з саломы, гліны, ручнікі, стужкі, хусткі, сноп, куфэрак, 4 латарэйныя білеты, бразготка, паштоўка, кошыкі з садавіной і гароднінай, муляж рэдзькі; аўдыёзапісы: беларускага народнага танца «Бульба», песень: «Будзь здаровы, гаспадар» (сл. А. Бадака, муз. А. Балотніка) у выкананні ансамбля народнай музыкі «Бяседа», «Вышита сорочка» (сл. В. Паліканінай, муз. С. Таўкунова), беларускай народнай песні «Саўка ды Грышка», мелодыі «Дажынкі» (У. Шахавай), беларускіх народных мелодый: «Крутуха», «Крыжачок», «Шастак» (апрац. Д. Камінскага), «Лявоніха», беларускай народнай музыкі.

Дзеючыя асобы: вядучы, гаспадыня, Несцерка, баба, дзед – дарослыя, Жытнёвы каласок, Бульбінка — дзеці.

Ход мерапрыемства

У музычнай зале на сталах вырабы з саломы і гліны, ручнікі, стужкі, хусткі, кошыкі з садавіной і гароднінай. Гучыць фрагмент песні «Будзь здаровы, гаспадар» (сл. А. Бадака, муз. А. Балотніка) у выкананні ансамбля народнай музыкі «Бяседа».
Вядучы (В.). Усе тут, ці не?
Дзеці. Усе!
В. Што, сябры, для жыта трэба?
Дзеці. Ну, вядома, трэба глеба.
В. А для птушкі?
Дзеці. Вышыня.
В. А для казкі?
Дзеці. Цішыня.
В. Ну, а што для весялосці?
Дзеці. Каб часцей бывалі госці!
В. Што за люд у нас сабраўся, —
Нібы пляц шырэй раздаўся?
На якое свята ўсіх нас
Запрашае восень у гэты час?

Дзеці. На кірмаш!

В. Так, кірмаш — гэта свята, якое адбывалася ў пэўную пару года — восенню. Але, перш чым яго ладзіць, трэба было добра папрацаваць на зямлі, вырасціць і сабраць ураджай. На гэтым свяце людзі славілі сапраўдных гаспадароў. I мы сабраліся сёння, каб успомніць народныя традыцыі, навучыцца мудрасці нашых продкаў.

1-е дзіця.
Ой, вясёлае сёння свята!
I гасцей тут у нас багата!
2-е дзіця.
Да нас на свята запрашаем
I сардэчна ўсіх вітаем!
3-е дзіця.
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей!
4-е дзіця.
Хай песні гучаць і чуецца смех —
Весялосці і радасці хопіць на ўсіх!
В.Я ў вас вось што запытаю,
Адкажыце, госці, мне:
Ці вам добра тут, ці не?
Дзеці. Добра!
В.Ну цудоўна, калі так.
Будзем свята мы вітаць,
Дружна, весела спяваць!

Песня «Чаму ж мне не пець?» (бел. нар. песня)

В. Слаўную песню вы праспявалі, малайцы! Ну, а зараз паедзем на кірмаш. Там мы ўбачым шмат чаго цікавага.
1-е дзіця. А на чым мы паедзем? У нас жа нічагусенькі няма!
В. Як гэта на чым? Ды на тым, на чым людзі раней ездзілі на кірмаш. На коніку.

Гульня «Бабка Еўка і дзед Талаш»

Дзеці становяцца ў круг і рухаюцца адзін за адным, імітуючы язду на кані.

Бабка Еўка, дзед Талаш,
Го-го-го!
Паехалі на кірмаш,
Го-го-го!
Што павезлі прадаваць?
Го-го-го!
Паспрабуйце адгадаць,
І-хо-хо-хо-хо!

Адзін з дзяцей — водзячы — выходзіць у сярэдзіну круга і паказвае, не называючы, свойскую жывёлу, астатнія пляскаюць у далоні. Той, хто яе адгадаў, становіцца водзячым, і гульня працягваецца.

Адчыняецца заслона, выходзіць гаспадыня кірмашу.

Гаспадыня.

Плённай працай, ураджаем 
Усіх прысутных я вітаю,
На кірмаш вас запрашаю!

Тут у нас, на кірмашы,
Скамарохі-бульбашы,
Стужачкі ды хустачкі,
Пернікі ды курачкі!

Зазірні да нас ты, братка, —
Ёсць цукеркі, шакаладкі,
Абаранкі, піражкі —
Даставайце рубялькі!

Але ж тут не толькі 
Прадаюць, купляюць, 
Тут танцуюць і спяваюць.
Спяшайцеся на кірмаш,
Гульнямі, песнямі парадуйце нас!

В. Ну, калі так, то давайце ладзіць наш восеньскі карагод.

Карагод «Дажынкі» (муз. У. Шахавай)

Гучыць беларуская народная мелодыя «Крутуха», выбягае Жытнёвы каласок. 

Жытнёвы каласок.

Добры дзень, шаноўны люд!
Жытнёвы каласок тут як тут!
А ўбор мой срэбны, не новы.
А хлеб мой просты, жытнёвы!
Жытнёвы хлеб — усяму галава.
Без хлеба і хата — не хата, і свята — не свята,
I поле — не поле, і доля — не доля!
А зараз для парадку
Загадаю вам загадку:

«Сто братоў адным поясам перавязаны». Што гэта?
Дзеці. Сноп.
                        Жытнёвы каласок бярэ сноп і аддае вядучаму.
В. Дзякуй табе, каласок!
Сноп жытнёвы, прасяны,
Кланяемся табе да зямлі.
                                          Вядучы кланяецца, бярэ сноп.
Гаспадыня. А хто другую загадку адгадае? Што ў нашым краі другім хлебам называюць? (Адказы дзяцей). Так, гэта бульба. 

Бульбінка-беларусачка,
Зялёная хустачка!
Пекная паненачка,
Шэрая сукеначка.

 Гучыць мелодыя беларускага народнага танца «Бульба», выбягае Бульбінка. 
Бульбінка.

Добры дзень, мае харошыя!
А якія вы ўсе прыгожыя!
А я такая простая, нязграбная,
Зусім не прывабная?!

Гаспадыня. Кінь, Бульбінка, журыцца!

Даражэнькія сябры,
Трэба тут дапамагчы.
Хай той запляскае ў ладкі,
Хто любіць з бульбачкі аладкі,
Бабку, клёцкі, пірагі!

Дзеці пляскаюць у далоні.

Гаспадыня.

Бульбу ўсе ў нас шануюць, 
Ёй заўжды гасцей частуюць, —
Стравы розныя гатуюць.

Раз-два-тры-чатыры-пяць!
Будзем Бульбінку вітаць!

                                Песня «Земляныя яблыкі» (сл. і муз. Я. Жабко)
Гаспадыня.

Смялей падыходзьце,
Тавар выбірайце,
Таргуйцеся з намі,
А потым купляйце!

Калі хочаш што ўзяць,
Трэба песню праспяваць,
Верш прачытаць
Альбо танец паказаць.

Гучыць беларуская народная мелодыя «Крыжачок»,

вядучы ідзе да прылаўкаў.

В. Глядзіце, якія цудоўныя ручнікі!

На ручніках і на сурвэтках
Палыхаюць ружы-кветкі.
Тут і пеўнікі, і гусі,
Вышывала іх бабуся.
— Чараўніца наша бабка, —
Аж здзіўляецца Агатка.
— Возьме ў рукі палатно — 
Ажывае ўраз яно.

Танец з ручнікамі пад мелодыю песні «Вышита сорочка»

(сл. В. Паліканінай, муз. С. Таўкунова)

Гучыць фрагмент беларускай народнай песні «Саўка ды Грышка».

 У залу ўваходзіць Несцерка з куфэркам.

Несцерка. Добры дзень! Бачу я — тут народу багата! Будзе добрае свята! Ці пазналі вы мяне? Не? Я ж Несцерка, плясун ды весялун. Усім у бядзе дапамагаю ды народ забаўляю. (Танцуе.) Запрашаю і вас паспяваць, патанцаваць ды ў гульні цікавыя пагуляць, адным словам павесяліцца!

В. Рукі ў бокі, рукі ў бокі!
Пойдзем у скокі, пойдзем у скокі!
Хлопчыкі, запрашайце дзяўчынак на вясёлы танец!

Танец парамі «Шастак» (бел. нар. мелодыя, апрац.Д. Камінскага) 
 

Несцерка. Вельмі добра танцавалі! А цяпер я хачу пагуляць у «Латарэю».
   Гучыць беларуская народная музыка. Несцерка раздае  латарэйныя білеты.

 

Несцерка.
Мой чароўны куфэрак адчыняецца, госці сюды запрашаюцца!

 

Госці з латарэйнымі білетамі выходзяць у сярэдзіну залы, па чарзе аддаюць іх Несцерку і атрымоўваюць ад яго прызы.

Бразготку трымайце 
I часу не губляйце.
Весела грайце 
I нас не забывайце!

 

Вы прыйшлі нездарма,
Але выйгрышу ў вас няма!

 

У вас прыгожая паштоўка,
Тут пажаданні ад сяброўкі!
Каб былі добрыя ўспаміны, —
Вам поўны кошык вітамінаў!

(Перадае кошык з садавіной і гароднінай.)
Несцерка. Добра мне з вамі, але час ужо ісці.
Хоць шкада, а ўсё ж — бывайце,
Ды мяне не забывайце!
             Несцерка пакідае залу. За дзвярыма чуецца: «Тпру! Прыехалі!».

      Гучыць беларуская народная мелодыя «Лявоніха», уваходзяць Баба і Дзед.

Баба. Ледзь паспелі на кірмаш з-за тваёй кабылы! Усе бакі адбіла.
Дзед. Любачка мая, не сварыся! Давай што-небудзь купім...
Баба. Грошай няма! Спачатку трэба рагулю прадаць. Дзе ты яе пакінуў? Вядзі сюды! Вунь колькі пакупнікоў!
                                            Дзед вядзе Карову.

Дзед (звяртаецца да бацькоў). Сябры, купіць рагулю не жадаеце? Другой такой няма, прадаём, як дарма!
Баба. Паглядзіце, якая ў яе паходка — плыве, нібы лодка. (Карова ходзіць.) Вось пабачце, якая яна ў мяне ласкавая. (Карова лашчыцца.)
Дзед. Эй, шаноўныя! Кашалькі адчыняйце, сваім гаспадыням рагулю купляйце. Ну, хто пачне торг? Устроім аўкцыён! (Бацькі называюць цану, карова круціцца.)

В. Чакайце, можа мы за рагулю старгуемся?
Дзед. А колькі дасце?
В. Грошай у нас няма. Можа, прыпеўкамі возьмеце?

            Песня «Кума мая, кумачка» (бел. нар. песня, апрац. В. Сярых)
Дзед. Ну, развесялілі вы нас. Добра, бярыце рагулю. Гадуйце яе, добра карміце.
                Карова пакідае залу. Баба падыходзіць да стала з гароднінай.
Баба. Дзядулька, ты паглядзі, якую рэдзьку вырасцілі дзеткі! Трэба мне пераняць у іх вопыт.
В. Мы не толькі пра гэта раскажам, але і ў цікавую гульню з рэдзькай пагуляем.

                                                     Гульня «Рэдзька»

3 дзяцей выбіраюць «мядзведзя» і водзячага, які з муляжом рэдзькі ў руках садзіцца на падлогу. Астатнія дзеці — «рэдзька на градцы». Яны садзяцца адзін за адным пасля водзячага, абхопліваюць абедзвюма рукамі таго, хто сядзіць спераду, і кажуць:

Мы на градцы сядзім
I на сонейка глядзім!
Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.

«Мядзведзь» тупае.
Дзеці. Хто там?
Мядзведзь. Гэтая, мядзведзь!
Дзеці. Чаго трэба?
Мядзведзь. Рэдзькі!
Дзеці. Дык вырві!
«Мядзведзь» падыходзіць да «градкі» і «вырывае», абхапіўшы рукамі за пояс, «рэдзьку», якая сядзіць апошняй. Потым просіць яе: «Ідзі, мая рэдзька, на дапамогу!», — і яны пачынаюць разам цягнуць наступнага гульца. Так працягваецца да таго часу, пакуль на «градцы» нікога не застанецца.
Баба. Вось, як весела і добра, калі ў полі чыста, а ў каморы поўна!
Дзед. А нам ужо час развітацца і дадому вяртацца!
                                           Баба і Дзед пакідаюць залу.

                Песня «Бывайце здаровы» (сл. А.Русака, муз.І. Любана)
Гаспадыня. Вось і скончылася свята. Жадаю вам багата жыць, сваю мову і край любіць! Не таму любіць, што за ўсё прыгажэйшы! А таму, што за ўсё даражэйшы і мілейшы!

           Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці пакідаюць музычную залу.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.