Сцэнарыі

Дата: 30 января 2023 в 12:11, Обновлено 3 апреля 2023 в 10:52

Сцэнарый народнага свята “Гуканне вясны

Мэта: пазнаёміць дзяцей са святам “ Гуканне вясны”, выхоўваць любоў да роднага краю, прыроды, да Радзімы і яе людзей, садзейнічаць вяртанню дзяцей да вытокаў народнай культуры, развіваць і творча памнажаць народную спадчыну.

Вядучы (В.). Радзіма! Заўсёды любая, прыгожая, і дарагая! Як прыемна чуць твае родныя песні, замовы, казкі, вершы, пагуляць у цікавыя гульні, сустрэць твае святы. З далёкага часу ты змагла данесці да нас такую цудоўную Спадчыну! Хто з нас не марыў адшукаць папараць –кветку, хто з нас не “гукаў вясну”, хто не частаваўся смачнымі аладкамі на масляніцы, хто не гуляў у гульню з яйкамі на Вялікдзень?
Гэй, добрыя людзі!
Паглядзіце, што будзе!
На забаву спяшайцеся,
Ды не вельмі штурхайцеся!
Гэй, добрыя людзі!
Паглядзіце, што будзе!
Усе збіраюцца,
Свята пачынаецца!
Шмат склалі казак, легенд, песень людзі пра сваю зямлю і пра лес свой.
Ёсць у нашага народа з даўняга часу адно паданне, якое пераходзіць ад дзядоў да ўнукаў.
Як брала вясна ў сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на свет траву-мураву,
Адзявала у лісце бярозы.
Дзяўчынка.  Ці трэба нам Вясна-красна?
Хлопчык. Трэба!
Дзяўчынка. Ці будзем мы яе гукаць?
Хлопчык. Будзем!
В. Давайце падрыхтуемся да прыходу Вясны.
Раней за ўсіх вясной прачынаецца пастушок.

Гучыць музыка «Мсціслаўскі карагод» у выкананні аркестравай групы харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Хлопчык-пастушок у саламяным капелюшы імітуе ігру на дудцы.

В. Птушачкі пачулі музыку і заспявалі звонка.
Група дзяцей выбягае на дыбачках з птушачкамі і званочкамі. Дзеці-птушкі лётаюць і вяртаюцца на месца.

В. Сонейка ўздымаецца ў неба, ззяе праменьчыкамі.

Дзяўчынка-сонейка танцуе каля пастушка, трымаючы дзве жоўтыя стужкі. Хлопчык можа сесці на пянёк.

В. Прыгрэла цёплае сонейка, і разліліся гаманлівыя веснавыя ручайкі.

Хлопчыкі са стужкамі сіняга колеру бягуць адзін за адным «змейкай» па паўкрузе. «Сонейка» працягвае свой танец, пасля чаго садзіцца. «Ручайкі» заканчваюць свой бег і вяртаюцца на месцы. Дзяўчаткі выходзяць і збіраюць кветкі, любуюцца імі, танцуюць. Падыходзяць да пастушка.
Песня пра вясну (на выбар музычнага кіраўніка)

Гульня “У карагодзе мы былі”.

Хлопцы і дзяўчаты бяруцца за рукі і становяцца ў круг. У сярэдзіне яго адна пара, на шыі абодвух нізка абаранкаў. Удзельнікі карагода рухаюцца вакол іх, спяваючы такія словы, дзе кожны радок паўтараецца 2 разы:

У карагодзе мы былі. Ай, люлі, мы былі.

Каго вы там відзелі? Ай, люлі, відзелі!

Мы відзелі парачку. Ай, люлі, парачку.

Ванечку і Янячку (ці) Волеску і Вовачку?

Ты, парачка, патанцуй! Ай, люлі, патанцуй. (Пара, патанцаваўшы, абменьваецца прысмакамі. Іх месца займае другая пара.)

Пасля карагоду дзеці становяцца ў два рады і ў пераклічцы паўтараюць словы.

Усе (1 рад)

Прыйдзі, прыйдзі, вясна!

Прынясі, вясна!

Дзяўчына.

На зямліцу травіцу!

Хлопец.

На лясочак лісточак!

Дзяўчына.

Краскі на лужочак!

Усе (2 рад)

Прыйдзі, прыйдзі, вясна!

Прынясі, вясна!

Дзяўчына.

На травіцу расіцу!

Дзяўчына.

На ясны дзянёчак!

Хлопец.

Дзеўкам на вяночак!

Карагод “Вясна, вясна наставала”

Гучыць  музычны фон — шум ветру, нібы ляціць Халодная Завея.

 На сцэну выбягае Завея.

Завея: Гэта я — Халодная Завея,

 Што, не чакалі?

 Вясну сустракалі!

 Ха-ха-ха!

 Не дам вам свята гуляць.

 І не будзеце песні спяваць.

 Напушчу непагадзь, холад ды вецер,

 Каб зіма была ва ўсім свеце!

 (Дзеці абступаюць Халодную Завею).

 

Завея: А Вас ў лядзяшкі ператвару

 І ні за што вясну на парог не пушчу.

 (Дакранаецца да дзяцей, яны прысядаюць, як бы “замярзаюць”)

Завея: Вось будзе пацеха!

 Вось дзе я разыйдуся!

В.Людзі добрыя, дапамажыце!

 Завіруху праганіце!

 Каб сонца паднялося вышэй

 І засвяціла ярчэй.

 Тады яно прыгрэе зямлю

 І прагоніць халожную завею.

 Абудзіцца зямля.

Прыйдзі, прыйдзі хутчэй да нас, Вясна!

Дзяўчаты танцуюць карагод

Дзеці.

Вясна, вясна красная!

 Прыйдзі, вясна красная,

 Прыйдзі да нас хутчэй,

 Сонейкам ўсіх абагрэй!

 (дзеці паўтараюць).

(Вясна з’яўляецца ў прыгожым аддзенні. Яна кружыцца, раскідвае кветкі, вітаецца)

Вясна.
Добры дзень, мае даражэнькія,
I дарослыя, і маленькія:
Усім, хто мяне чакаў,
Карагодзікі рыхтаваў!
Зіме канец — Вясне пачатак!
Для нас усіх сягоння свята.
Музыка, грай! У коле вялікім
Няхай паскачуць чаравікі.

                                                Вясна выконвае танец.

Вясна. А зараз я зраблю вам такі падарунак, які ні за золата, ні за грошы не купіш. Я загадаю вам загадкі:

Стукае, грукае, і нідзе яго не відаць. (Гром.)

У адным доме сотні жыхароў, а сям'я адна. (Вулей.)

Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб'е, той сваю кроў пралье. (Камар.)

Чоран, ды не воран, рагаты, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць — вые, сядзе — зямлю рые. (Жук.)

Сем тысяч майстроў зрабілі хату без акон і без вуглоў. (Мурашкі.)

Ля дарогі — шарык белы, вецер дзьме, а шарык цэлы, а як дзьмухнуць хлапчукі — пух ляціць ва ўсе бакі. (Дзьмухавец.)

У чырвоных ботах ходзіць па балотах. (Бусел.)

Але ж, мае даражэнькія, не сама я да вас прыйшла — мяне птушачкі на крылах прынеслі, а якія, адгадайце.
                                      Дзеці называюць пералётных птушак.

Вясна. Птушачкі, птушачкі ляцяць, Вясну красную нясуць.

Дзяўчаткі (падбягаюць да Вясны).
А ты, Вясна, а ты, красна,
Што ты нам прынесла?
Вясна.
А прынесла я вам цёплую вадзіцу, зямлі — травіцу, пастушкам — па кіёчку, а дзяўчаткам — па вяночку.

                                                  Карагод з вяночкамі.

В. Шмат святаў вясною. Вось, напрыклад, у Вербную нядзелю (за тыдзень да Вялікадня) у царкве вярбу свецяць. Вось і я была ў царкве, бацюшка папырскаў на вярбу святой вадой — яна стала чароўнай. Калі прайсці праз вярбовую брамку ці пабіць чалавека вярбою па плячах, то ён цэлы год хварэць не будзе, стане моцным, здаровым і смелым. Нават баязлівы стане смелым. Дык, можа, і мы так зробім?
Дзяўчаткі бяруць галінкі бярозы, становяцца парамі, ствараюць брамку. Дзеці, што будуць удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, праходзяць праз брамку, вядучы злёгку б'е іх вярбовымі галінкамі.

В. Вярба — хлёст, б'е да слёз,
Не я б'ю, вярба б'е.
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзьце здаровы, як тая вярба. (2 р.)
Слухайце бацьку,
Слухайце маці.
Не забывайце ўсім памагаці!
Старэнькім, маленькім
ці хворым можа,
А вам усім няхай Бог дапаможа!

Гучаць царкоўныя званы.
В. Ці здагадаліся, якія гудуць званы? Правільна, бо цяпер Велікодны тыдзень.
Віншуем вас са святам Хрыстовым, 
3 Хрыстовым днём,
чырвоным яйкам!
Давайце пагуляем з пафарбаванымі яйкамі.

                                             Гульня «Біццё і качанне яек».
Спачатку гуляюць у біткі, а потым качаюць бітае, бо цэлага шкада. А ў каго яйка далей пакоціцца, у таго жаданняў больш збудзецца, увесь год ён будзе весялейшы, здаравейшы, мацнейшы за ўсіх.

В. А яшчэ вясною будзілі мядзведзя, бо лічылася, што як толькі ён прачнецца, дык і вясна пачнецца. Давайце і мы яго разбудзім. Вось ён моцна спіць у бярлогу.
Мядзведзь схаваны под вялікаю колькасцю газет. Дзве групы дзяцей бягуць і здымаюць газеты па адной, па чарзе.
В. Эй, будзілі вы, дзеткі, мядзведзя, а ён усё спіць ды спіць. Што будзем рабіць?
Гаспадыня. А нашто ж яму прачынацца, калі няма чым частавацца? Вось калі пачуе, што пчолы ўжо гудуць ды мёд нясуць, адразу прачнецца! Трэба пчолку паклікаць. Паўтарайце за мной:

Ты, пчолка ярая,
Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя.
Адамкні вясну,
Замкні зімачку.

З'яўляецца пчолка, танцуе вакол мядзведзя под музыку, трымаючы у руках залатыя ключыкі, якімі яна нібыта «адмыкае» мядзведзя. Ён прачынаецца і прытанцоўвае разам з пчолкай.

Вясна: Хай вам, людзі, будзе даспадобы

 Веснавы і цёплы гэты дзень,

 Каб заўсёды былі вы ў згодзе

 кожны час і кожны дзень,

 Каб заўсёды дзеці усміхаліся,

 І свяціла сонца над зямлёй,

 Каб жылі ў згодзе, працавалі

 Моцнаю і дужаю сям’ёй.

 Яснага блакітнага вам неба,

 Светлых зорак усім вам уначы,

 Каб на стале заўсёды была краюха хлеба

 І каб святло вы неслі ў сваёй душы.

В. Ну, вось, дзеткі!
Справе — час, на пацеху — гадзіна.
Заўтра чакае дзень клапот,
На развітанне —
песня.

Песня “Жавароначкі, прыляціце”

Музычная забава

“А ў нас сёння масленіца...”

Мэта: вывучаць беларускія святы, абрады, традыцыі, далучаць дзяцей да багацця нацыянальнага фальклору, развіваць творчыя здольнасці дзяцей, прывіваць ім эстэтычны густ.

Дзеючыя асобы: вядучы, Зіма, Вясна, Баба Яга, мядзведзь

Свята праводзіцца на вуліцы.

Вядучы:Увага! Увага! Усім, усім, усім—хто не змёрз зусім!
Спяшайцеся, спяшайцеся парадаваць увесь свет!
Зіма нам шле развітальны прывет.

Слухайце ўсе! Слухайце ўсе!

Слухайце, добрыя людзі!

Провалы зімы ва ўсёй красе

Зараз адзначаць мы будзем!

Усмешку на ўсмешку

Мы сто разоў памножым

Хай нашае свята

Яны ўпрыгожаць.

Дзеці і госці! Загадана для вас

Прачытаць гэты ўказ.

А падпісаны ён самой

Нашай матухнай зімой.(чытае ўказ)

Кожны год у гэту дату,

Як піша ўрачыстая грамата,

Дзецям усяго дзіцячага сада

Трэба выходзіць на свята.

Прысмакамі ўсялякімі ласавацца,

Скакаць, гуляць і спяваць,

Праводзіць вясёлую масленіцу.

І, канешне, не сумаваць!

Як у Обалі здаўна вядзецца,

Праводзіць зіму трэба

І з вясною на Масленіцы сустрэцца

Пад беларускім небам.

У прахладзе, на паветры

Пачынаем свята мы.

У гонар знакамітай, светлай

Добрай матухны-Зімы.

Увага! Увага!

На тройцы ўжо ляціць сама

Наша прыгажуня – зіма

Свята даўно пачаць пара

Зімачцы ад усіх – ура!

На пляцоўку выходзіць Зіма. Зіма выносіць масленіцу

Зіма: Добры дзень, сябры даражэнькія,
Вялікія і маленькія!
Я  прыйшла развітацца да вас—
Адышоў мой зімовы час.
Прывезла вам масленіцу,
Пачынаем ластавіцу.
Мая масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешая не ходзіць,
Усё на коніках раз’язджае.
Ды каб конікі былі вараныя,
Ды каб слугі былі маладыя!

1-е дзіця.
А мы масленіцу дажыдалі,

У акенца паглядалі,
Гару сырам набівалі,
Зверху маслам палівалі.
 

2-е дзіця.
Ад сыру—гара сыра,
Ад масла—гара ясна.
 

3-е дзіця.
Масленка—бела вутка,
Нясі сыру, масла хутка,
Сыру і масла,
Каб зіма згасла.
 

4-е дзіця.
Надакучыла зіма,
Цёплыя валёнкі,
Хочацца ўжо цяпла,
Песень птушак звонкіх.
 

5-е дзіця.
Ты ўжо, зімачка, надакучыла,
Снегам-холадам нас замучыла.
Усе ў далоні біце,
Вясну-красну завіце.
 

Зіма. Бачу, дзеткі, што я вам надакучыла. Але ж я старалася, гурбы снегу намятала, каб вам весела было. Ці ж не хораша вам было зімой? У якія гульні вы зімой гулялі?
Адказы дзяцей.
 

Гульня ў снежкі, на санках

Зіма. Добра, весела гуляеце. А ці ведаеце вы песню пра мяне?

Песня "Зіма"

Зіма: Даспадобы прыйшлася песня? Але ж, набліжаецца вясна, і мне час адпраўляцца ў царства льдоў і снягоў. Я думаю, што вы, дзеці, мяне доўга не забудзеце. Да пабачэння, да наступнай зімы!
                                                                     Зіма пакідае пляцоўку

Вядучы: Выходзьце, дзеткі, гукаць вясну.
Абуджаецца прырода ад зімовага сну.
Шуміць, гудзе, вясна ідзе!
Шчасце і радасць людзям нясе.

                                                     Выходзіць Вясна

Вясна:  Добры дзень, дзетачкі! Гэта я – Вясна! Вы мяне чакалі, вы мяне запрашалі, вось я і прыйшла! Прыйшла з радасцю, з вялікай міласцю!

Вядучы: Вясна-красна! Мы цябе чакалі, разам усе гукалі! А дзе вясна бывала?

Вясна:  У лесе зімавала.

Вядучы:Што ты там рабіла?

Вясна:  Жэрдзі высякала, гарод гарадзіла.

Ну, вось і я прыйшла да вас зноў, дзеці.
Чакалі вы мяне з нецярпеннем?
Дзеці.Так.
Вясна. Растане снег, бо сонца ярка свеціць.
Ці рады вы мне?
Дзеці. Рады!

1-е дзіця.
Ой, вясна, вясна,
Як жа ты красна!
Мы для цябе спяваем,
Цябе мы сустракаем.                         

Вясна. А зараз я вам загадкі свае загадаю:
3-пад снегу выйшла, расцвіла,
I так, што аж зіма ўцякла.
(Пралеска)

То празрысты, то вясёлы,
То халодны і густы.
Луг яго чакае, поле,
А яшчэ—чакаеш ты.
Пройдзе ён, і каля хаты
Ручаінкі зазвіняць,
Выйдзеш ты, бясконца рады,
— I караблікі пускаць.
(Дождж)
Вясна.
Зіме канец, вясне пачатак
— Для нас усіх сягоння свята.
Музыка, грай!
У коле вялікім
Няхай паскачуць чаравікі!
                                  Танец “Полька беларуская”
                          У час танца Баба Яга выкрадае Вясну.

Вядучы:Дзеці, а дзе ж гэта падзелася Вясна? Напэўна, Баба Яга яе забрала. Трэба нам усім ісці шукаць яе!

                     Дзеці шукаюць Вясну. Баба Яга выглядае з-за вугла.

Баба Яга. А! Вясну шукаеце? А я вам яе не аддам, таму што Свята распачалі, а мяне не пазвалі.
Вядучы:Дзеці, я ведаю, як нам забраць Вясну ў Бабы Ягі.
                               (Шэпча дзецям, як Бабу Ягу акружыць.)

                                               Гульні з Бабай Ягой.

1.Эстафеты:

- бег у абручы.

- бег на мятле.

- перацягні канат.
Дзеці забіраюць Вясну. Баба Яга плача. Дзеці запрашаюць яе на свята. Вясна дзякуе дзецям за дапамогу.
Вясна. Дзеці, калі я да ішла, то бачыла, што мядзведзь пад кустом спіць. Трэба яго пабудзіць і сказаць, што вясна прыйшла.
                             Дзеці будзяць Мядзведзя, але ён не прачынаецца.

Вядучы:А навошта яму прачынацца, калі няма чым частавацца? Вось калі пачуе, што пчолы гудуць ды мёд нясуць—адразу прачнецца!
Баба Яга. А я прыдумала, як мядзведзя падмануць. Ператваруся ў пчолку і буду лятаць каля яго, пакуль ён не прачнецца.

              Баба Яга «лятае» вакол Мядзведзя і гудзе. Мядзведзь прачынаецца.

Мядзведзь. Мне здалося, што пчолы ляталі, але ж мёдам не пахне.
Баба Яга (дражніць Мядзведзя).
Мёду захацеў, а яго няма!
Мядзведзь. Дык гэта ты тут гула і пчалой прыкідвалася. Зараз я табе «палятаю», і тады табе не мінуць ліха.
                                          Мядзведзь даганяе Бабу Ягу.
Вясна. Мядзведзь, не злуй на Бабу Ягу. Мы хацелі цябе пабудзіць і сказаць, што вясна прыйшла. А каб ты на нас не злаваў, мы падорым табе гаршчочак мёду. (Аддае гаршчочак мядзведзю.)
                                                  Мядзведзь дзякуе

Вядучы: Трэба Масленіцу спаліць і зіме канец! Дзеці, давайце на развітанне павесялім масленіцу і пакатаемся на вясёлай каруселі. Сама Масленіца запрашае: садзіся, хто харошы, пракацім без грошай.

                         Гульня “Карусель” муз.Войціка

Вядучы:А зараз пара Масленіцу паліць (запальваюць).       

                Пайшла Зіма прэч, прыйдзі Вясна

                Развітанне, Зіма, развітінне, Масленіца!

                        Карагод “Развітанне, Масленіца!”

Вядучы:А на прыканцы для вас

Ёсць сюрпрыз яшчэ ў нас:

К нам у госці завітаць

І блінцоў пасмакаваць.

Не саромцеся, хутчэй

Да адчыненых дзвярэй

Не спяшаючыся, чынна

Варушыцеся да бліннай!

Вясна:     Шчыра ўсіх мы запрашаем

Блін запіць духмяным чаем!

                                         Песня “Масленіца!”
                                    Дзеці частуюцца блінамі і чаем

Сцэнарый тэатралізаванай казкі для дзяцей старшай групы “Калядная зорка”

Мэта: павышаць духоўны і адукацыйны ўзровень выхавання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз удзел у тэатралізаванай дзейнасці, пашыраць уяўленні пра народнае свята Каляды; развіваць эмацыянальную сферу выхаванцаў на аснове пашырэння дыяпазону эстэтычных перажыванняў; выхоўваць цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў, пачуццё любові да роднага краю.

Матэрыял і абсталяванне: прадметы для афармлення пакоя сялянскай хаты (печ, лава, стол, калядныя стравы, абрус, гліняны посуд), прадметы вуліцы (хлеў, плот), прадметы для афармлення пад зімовы лес (сняжынкі, елачкі, дрэўцы, гурбы, месяц, зорка), касцюмы для ўдзельнікаў (дзед, баба, дачка, каза, заяц, воўк, ліса, Анёл); аўдыязапіс чароўнай мелодыі, аўдыязапіс спакойнай мелодыі, песні “Ночка ціхая, зарыста”, музычны цэнтр.

Дзеючыя асобы:

Дзед

Баба

Дачка

Каза

Заяц

Воўк

Ліса

Мядзведзь

Анёл

Вядучы

Ход мерапрыемства

Пакой сялянскай хаты. Дзед і баба рыхтуюцца да Каляд.

Гучыць аўдыязапіс спакойнай мелодыі.

Вядучы:

Жылі дзед, дачка, бабуля

І была ў іх казуля.

Рыхтавалісь на Каляды,

Толькі не было ў іх ладу.

Дзень дачка Казу карміла

Смачным сенцам і паіла.

Дзед пытае ў Казы.

(Дзед звяртаецца да Казы)

Дзед:

Дзе ты, Козачка, была?

Што ты ела, што піла?

Каза:

Я не ела, не піла.

Да Калядаў згіну я!

(Дзед крычыць на дзеўку, пасылае бабу карміць Казу)

Вядучы:

Дзед на дзеўку пакрычаў

Заўтра бабу ён паслаў.

Баба дзень Казу карміла

Смачным сенцам і паіла.

(Дзед звяртаецца да Казы)

Дзед пытае ў Казы.

Дзед:

Дзе ты, Козачка была?

Што ты ела, што піла?

Каза:

Я не ела, не піла.

Да Калядаў згіну я!

(Дзед крычыць на бабу, сам ідзе карміць Казу)

Вядучы:

Дзед на бабу пакрычаў

Заўтра ў хлеў ён сам папаў.

Цэлы дзень Казу карміў

Смачным сенцам і паіў.

(Дзед звяртаецца да Казы)

Дзед пытае ў Казы.

Дзед:

Дзе ты, Козачка была?

Што ты ела, што піла?

Каза:

Я не ела, не піла.

Да Калядаў згіну я!

Вядучы:

Аб’явіў Казе байкот,

Прывязаў яе за плот.

Сам усеўся ля хлява,

каб не балела галава.

(Баба звяртаецца да дзеда)

Баба:

У Калядную, у ночку

У лясок адправім дочку.

Разам з ёю і Казулю,

Апранём яе ў кашулю.

Божы свет нас азарыць,

Будзем усе мы дружна жыць.

Зал аформлены пад зімовы лес (сняжынкі, елачкі, дрэўцы, гурбы, месяц).

Гучыць чароўная музыка.

 (Дзеўка і Каза ідуць па лесе)

Вядучы:

Выйшла дзеўка і Казуля,

На ёй цёплая кашуля.

Па яскраваму сняжку

Дабраліся да ляску.

А лясны народ не спіць.

У небе месяц зіхаціць.

І чакаюць зорку ўсе.

Быць сягоння Калядзе!

Дзеўка бычыць, што ў нябёсах

Быццам круцяцца калёсы.

Снегу шмат з нябёсаў пала,

Раства зорка ў лес упала.

(Каза плача)

Каза:

Цяпер зорачкі не будзе?

І Раства не ўбачаць людзі?

Я не ела, не піла.

А без зоркі згіну я!

Вядучы:

Па сцяжынках, па лясных

Скокаў беленькі касы.

Ён шукаў таксама зорку

Па палях і па ўзгорках.

(З’яўляецца Заяц)

Заяц:

Бачыў я, што цуда-зорка

Пакацілась уздоўж прыгорка.

Я шукаць яе іду.

Вас з сабою забяру.

Каза:

Я не ела, не піла.

Да Калядак згіну я.

Тут яшчэ ваўкі жывуць!

Не пайду далей, з’ядуць!

Заяц:

Я амаль не баязлівы,

Я разумны і мыслівы.

А ваўка я сам баюся

І ад страха ўвесь трасуся.

(Заяц звяртаецца да Анёла)

Анёл, Анёл, дапамажы,

Ад ваўкоў абарані.

Анёл:

Я над вамі пралятаў,

Пра бяду гэту чуваў.

Не хвалюйцесь, Бог усё можа

У бядзе вам дапаможа!

Я па небе пабягу

Ад бяды вас зберагу.

Вядучы:

Дзеўка, Козачка, Касы

Ідуць па сцежках па лясных.

І Анёл ляціць над імі,

Назірае за малымі.

Тут насустрач шэры Воўк.

Ён зубамі шчоўк ды шчоўк.

Забаялісь сябры воўка,

Пахавалісь уздоўж прыгорка.

(З’яўляецца Воўк)

Воўк:

Не хвалюйцесь, выхадзіце,

Зорку вы са мной знайдзіце.

Бачыў я – зорка ўпала

Пакацілась і прапала.

Я далей вас павяду

Знайсці зорку памагу.

Вядучы:

І пашлі далей яны

Паміж соснаў і ялін.

Тут насустрач ім імчыцца

Хутка рыжая Лісіца.

(З’яўляецца Ліса)

Каза:

Я не ела, не піла.

Да Калядак згіну я!

З’есць Ліса мяне цяпер

Гэта – вельмі страшны звер.

(Заяц звяртаецца да Анёла)

Заяц:

Анёл, Анёл, дапамажы

Ад Лісы абарані.

Анёл:

Я над вамі пралятаў

Пра бяду гэту чуваў.

Не хвалюйцесь, Бог усё можа

У бядзе вам дапаможа!

Ліса:

Мяне не трэба вам баяцца

Будзем разам мы спраўляцца.

На Раство ў час начны

Я магу дапамагчы.

Вазьміце вы мяне з сабою

Буду вам цяпер сястрою.

Вядучы:

Вось ідуць, ідуць звяры.

Па дубраве, па бары.

Там мядзведзь спіць у бярлозе,

Храпіць моцна на падлозе.

(Каза плача)

Тут заенчыла каза

Каза:

Я не спала, не піла

З вамі не пайду далей

Я баюся медзвядзей.

Заяц:

Ой, бяда, мы ўсе прапалі

У няміласць мы папалі.

Ліса:

Ай, Мядзведзь ідзе сюды

Усе хавайцеся ў кусты.

Каза:

Сябры, мяне вы выбачайце.

Мядзведзю смела аддавайце!

Я не ела, не піла.

Усёроўна згіну я.

Воўк:

Пачакай, не плач, сяброўка,

Ты паслухай мяне, воўка.

Заяц зараз дапаможа

Ёсць на небе добры Божа.

(Заяц звяртаецца да Анёла)

Заяц:

Анёл, Анёл, дапамажы

Ад мядзведзя  абарані.

Анёл:

Я над вамі пралятаў,

Пра бяду гэту чуваў.

Не хвалюйцесь, Бог усё можа

У бядзе вам дапаможа!

Вядучы:

Звяры селі па кустам

Лісіца там, а зайка – там.

Дрэнна, дрэнна толькі воўку

Пад калючаю, пад ёлкай

(З’яўляецца Мядзведзь)

З лесу выскачыў мядзведзь

І пачаў равець, равець.

Мядзведзь:

Хто мяне тут разбудзіў?

Сон салодкі абурыў?

Як знайду я крыкуноў,

Надаю ім шчалбаноў!

Ліса:

Цішэй, Мішка, не крычы,

А на неба ты зірні.

Хутка свята ў нас – Раство.

Ва ўсім свеце хараство!

Ты, Мішутка, не раві

А звярам дапамажы.

Мядзведзь:

Няма большае бяды.

Выхадзіце ўсе сюды.

Што адразу не казалі?

Ад мядзведзя пахавалісь?

Вам, звяры, дапамагу.

Калі толькі я змагу.

Вядучы:

Вось ідуць звяры так хутка

Каза, Воўк, Ліса, Мішутка

Дзеўка з Зайчыкам-сябром

І Анёл машыць крылом.

Заяц:

Быў цікавы аганёк.

Не відаць яго здалёк.

Трэба да яго ж дайсці.

Толькі як яго знайсці?

Воўк:

Паляўнічы я цудоўны.

Пераскочу  я праз броўны.

Зараз зорку я пачую,

Да яе вас прывяду я.

Вядучы:

Паспяшалісь за ваўком

І папалі ў снежны ком.

На яго ўсе забралісь,

А да зоркі не дабралісь.

Зорачка ў ком упала

І пад снегам уся прапала.

(Заяц звяртаецца да Мядзведзя)

Заяц:

Мы ішлі сюды з далёк.

Каб знайсці нам аганёк.

Як жа нам яго дастаць?

І каго да нас пазваць?

Ліса:

Вам я зараз памагу

Размясці гурбы змагу.

Вядучы:

І Ліса хвастом махнула,

І гурбу як ветрам здула.

Зорка там ляжыць і ззяе,

Усё на свеце азарае.

Заяц:

Як жа нам яе падняць?

Каго на дапамогу зваць?

Каза:

Не хвалюйцесь, я ўпрусь нагамі,

Зорку падчаплю рагамі.

Мядзведзь:

Я казулю падтрымаю –

У гэтым рацыю я маю.

(усе разам паднімаюць зорку)

Вядучы:

А Раство ўжо на парозе.

Ну, а зорка – на дарозе.

Як яе вярнуць у нябёсы?

Пачаліся каб дзівосы.

(Каза звяртаюцца да Анёла)

Каза:

Анёл, Анёл, дапамажы

Зорку ў неба ты вярні.

Зарачка туды вярнецца

І Раство хутчэй пачнецца.

Анёл:

Вам, сябры, дапамагу

Зорку ў неба я вярну.

Час дарэмна не марнуйце,

А Раство хутчэй святкуйце!

(гучыць чароўная музыка)

Вядучы:

Паляцеў Анёл у неба.

Сябрам толькі гэта трэба.

Ззяе зорка з вышыні,

Азарае лес, бары.

Цуд з’явіўся тут звярам.

Засвяцілась зорка там!

І запеў лясок раптоўна

Песеньку Раства цудоўна.

Вядучы:

І казала тут каза

Каза:

Я і ела, і піла.

І ў лясу не згіну я!

У час святочны, у час Раства

Няма лепей хараства!

Гучыць песня “Ночка ціхая, зарыста”

 

Сцэнарый музычнай забавы для дзяцей старшай групы

“Каляду сустракаем, да сябе запрашаем”

Праграмныя задачы: далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, да беларускай народнай культуры праз удзел у  народным свяце  Каляды; развіваць усведамленне сваёй прыналежнасці да нацыянальнай культуры і спадчыны, выразна чытаць вершы, выконваць рухі, выражаць сябе ў карагодах, гульнях; выхоўваць творчыя адносіны да розных відаў музычнай дзейнасці.

Матэрыял і абсталяванне: касцюмы для дзяцей: Павадыра, Мядзведзя, Казы, Жорава, макеты сялянскай хаты, печ, стол, дзве лавы, абрус, ручнікі, гліняны посуд, драўляныя лыжкі, чыгунок з “куццёй”, качан капусты, “калядныя стравы”, “прысмакі”, аўдыёзапіс гучання званочкаў, беларускай народнай музыкі, песні “Калядачкі”, “Добры вечар, шчодры вечар”, “Го-го-го, каза”, “Чаму ж мне не пець”.

Дзеючыя асобы: Гаспадыня, Гаспадар – дарослыя, Павадыр, Каза, Жораў, Мядзведзь, калядоўшчыкі – дзеці.

Ход мерапрыемства

Музычная зала мае выгляд пакоя  сялянскай хаты: стаяць засланы абрусам стол з рознымі “стравамі”, лаўкі, ляжаць рушнікі, посцілкі, палавік. На “печы” “спіць” Гаспадар. Гаспадыня  накрывае на стол.

Гаспадыня: Лявон! Лявон! Ды дзе ты? Куды запрапасціўся? (Шукае). А што ж гэта такое робіцца? Спіць на печы, як пшаніцу прадаўшы. Уставай, чаго ты разлёгся. Я ўжо і кабанчыка накарміла, і кур, і гусей даглядзела, вады прынесла і ў печы выпаліла, бліноў, пірагоў напякла, а яму нічога не трэба. Уставай кажу, хутка калядоўшчыкі прыйдуць.

Гаспадар: Устаю, устаю (аглядае хату). Ай да жонка ў мяне, усе падрыхтавала! Ты мая, кветачка (спявае песню “Чаму ж мне не пець”).

Гаспадыня: Людзі добрыя, паглядзіце на яго. У хаце процьма работы, а ён толькі спявае. Прынясі сена, трэба за стол садзіцца, куццю есці.

Лявон ідзе за сенам.

Гаспадыня: Ой, стамілася я зусім (сядае).

Чуваць званочкі.

Гаспадыня: Чуеце,  званочкі. Гэта каляда ідзе.

У хату пад гучанне песні “Добры вечар, шчодры вечар” уваходзяць калядоўшчыкі, Павадыр, Каза, Мядзведзь, Жораў.

1-калядоўшчык:

Вялікую радасць на вуліцы, у хаты,

Прынеслі Каляды, зімовыя святы.

2- калядоўшчык:

Прынеслі забавы, і жарты, і песні,

Загадкі, і гульні, і танцы прынеслі.

3-калядоўшчык:

Не спі, пані скрыпка, і, бубен, прачніся, –

Цудоўныя святы у нас пачаліся.

1-калядоўшчык:

А ці дома Гаспадар і  Гаспадыня?

Гаспадыня: Дома, дома, стол накрываю, вас чакаю. Заходзьце, госці дарагія!

1-калядоўшчык:

Вось прыйшлі калядкі –  

Радаснае свята.

Зноў прысмакаў розных

На стале багата.

2-калядоўшчык:

Ёсць куцця, аладкі,

Каўбаса і сала,

Агуркі, капуста

І кісель таксама.

3-калядоўшчык:

А наступіць вечар -

Чутны ўсюды песні.

Калядуюць людзі,

Не сядзяць на месцы.

4-калядоўшчык:

Гаспадар, як родных,

Запрашае ў хату

І гасцей частуюць

За сталом багатым.

Гаспадыня: Як цудоўна, што вы завіталі да нас ў госці! Сёння ў калядны вечар, усе чакаюць гасцей. Ну, дзе мой Лявон? Ізноў яго не дачакацца.

Гаспадар: Іду, іду, мая галубачка! Вось сена на стол прынёс, мая дараженькая.

Гаспадар: Які багаты стол калядны! Чаго тут толькі няма.

Садзяцца за стол, хрысцяцца. Першую лыжку куцці нясуць да акна і клічуць: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці, каб ты не марозіў расаду і ўсё тое, што я пасаджу ў агародзе”. 

Гаспадар: Я вельмі рад гасцям.

5-калядоўшчык:

Мы віншуем вас са святам,

Жадаем шчасця вам багата!

Каб жылося вам вольна,

Весела, раздольна!

Каб добрыя былі каровы,

А вы былі здаровы!

6-калядоўшчык:

Каб вяліся ў вас свінкі,

Цялушкі і розныя птушкі!

Каб капуста ўрадзіла

Усім людзям на дзіва!

Шчодрага вам лета,

Духмянага хлеба!

7-калядоўшчык:

Гаспадыня, гаспадар,

Не скупіцеся,

З калядоўшчыкамі салам

Падзяліцеся!

 Гаспадыня: Яшчэ рана частаваць, спачатку трэба загадкі адгадаць!

Гаспадыня і гаспадар загадваюць калядоўшчыкам загадкі, тыя па чарзе іх адгадваюць.

1. Белы, але не цукар,

Бязногі, а ідзе. (Снег)

2. З неба падае зімой,

Ціха кружыць над зямлёй,

лёгкая пярынка

Белая ... (Сняжынка)

3. Без рук малюе, без зубоў кусае. (Мароз)

4. Лётаю ў полі з ветрам на волі.

Закручу-завярчу і памчуся, як хачу,

А ўздоўж дамоў пралятаю,

Гурбаў шмат накідаю. (Завея)

5. Што надзену я на шыю і ўжо не захварэю?

Хутаючыся ў яго да носа, ня страшуся цяпер марозу. (Шалік)

6. У сцюжу і мароз зімой

Іх нашу заўсёды з сабой,

Ручкі грэюць мне сястрычкі,

Невялічкія ... (Рукавічкі)

7. Улетку адпачывалі: снежную пару чакалі,

А дачакаліся зімы – пакацілі з гары. (Санкі)

8.На чаравіках ў мяне

Драўляныя сябры,

Палкі ў рукі і стралой

Я качу на іх зімой. (Лыжы)

Гаспадыня: Загадкі адгадалі, частуйцеся, госці дарагія! (усім падае пачастункі)

Калядоўшчыкі: Гаспадыня добрая і вельмі шчодрая!

Гаспадыня: Я вас буду частаваць, а вам трэба паскакаць!

Гульня “Ты не стой у баку, пакланіся сябруку”

Гаспадыня: паглядзіце, які сапраўдны шчодры стол у мяне! Абрус яшчэ мая бабуля ткала, пад ім сена ляжыць. А ножкі сталя я перавязала льнянымі ніткамі. Так ранней рабіла мая бабуля. Бо хачу, каб і ў наступным годзе за ім сабралася ўся мая радня. А яна ў мяне вельмі вялікая. Суседзі кажуць: “Радні ў цябе столькі, колькі ў капусце лістоў”. А капуста ў мяне ўрадзіла на славу. Паглядзіце! (паказвае качан капусты) Падкажыце мне, госцікі, які лясны звер любіць гэту гародніну? (Заяц) Так, заяц. Каб улетку ў мой агарод зайцы не скакалі, прапаную пагуляць.

Гульня “Зайцы на гары стаялі”

У гульні прымаюць удзел усе калядоўшчыкі. Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці скачуць. Хтосьці з каладоўшчыкаў прамаўляе:

“Зайцы на гары стаялі, зайцы пальца выкідалі”.

Калі музыка сціхае, паказваюць картку з лічбай (ад 0 да 10), а дзеці падымаюць столькі ж пальцаў, але абавязкова на абедзвюх руках.

Павадыр: Прыйшлі мы да вас

З Козачкай рагатай,

Хай будзе ўвесь час

Ураджай багаты!

 Каза: Я – Каза калядная, прыгожая ды ладная!

Я і гора, і бяду вакол рога абвяду!

Буду з вамі я Каляды сустракаць,

Песні пець, у гульні гуляць!

Калядоўшчыкі: Гэй, музыкі, грайце, а гаспадар з гаспадыней усіх у гульню запрашайце!

Гульня «Каза»

Апісанне гульні:

3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраецца дзед. Каза не павінна ведаць, хто з удзельнікаў гульні абраны на ролю дзеда. Дзеці ўтвараюць паўмесячык, у сярэдзіне якога стаіць каза, і вядуць дыялог.

Дзеці: Дзе ты хадзіла, каза?

Каза: Хадзіла я па лясах, па палях.

Дзеці: Чаму цябе там ваўкі не елі?

Каза: Не баюся я ні ў лесе ваўкоў,

Hi ў полі стральцоў.

          Толькі баюся старога дзеда.

Пасля гэтых слоў дзеці моцна рамаўляюць: Дзед, лаві казу!”. Дзед пачынае лавіць казу, якая імкнецца дабегчы да вызначанай мяжы. Калі дзед зловіць яе, то неабходна ей паскакаць. Перад гульнёй пазначаецца мяжа, за якой каза будзе ў небяспецы.

Каза: Ой, стамілася я, замарылася.

Каза падае на падлогу.

Гаспадар: Ай, ай, памерла, Каза! А Божа ж мой!

Павадыр: Устань, Козанька! Устань, даражэнькая!

          Жораў: Дзе каза ходзіць - там жыта родзіць,

Дзе каза рогам - там жыта стогам.

Дзе каза хвастом – там жыта кустом.

А дзе каза нагой – там жыта капой.

Мядзведзь: Дай, гаспадыня, Казе малака,

Крышку дай сала, каб Каза ачуняла.

А яшчэ аладкі, каб бакі былі гладкі.

Гаспадыня: Дам я Козачцы-казе качан капусты! (Дае Казе качан)

Мядзведзь: А мне!

Гаспадыня: А ты спачатку паслужы, што ўмееш – пакажы!

Павадыр: Пакажы, Міша, як гаспадыня цеста ў дзежцы месіць! (мядзведзь садзіцца на падлогу, падкручвае ногі, таўчэ кулакамі, імітуючы замешканне цеста ў дзяжы). А  як дзеці зацірку ядуць? (мядзведзь імітуе, як дзеці ядуць). А як Гаспадыня прыгажосць наводзіць? (мядзведзь выцягвае левую лапу ўперад, а правай імітуе, як Гаспадыня прыхарошваецца). А як дзеці танцуюць? (мядзведзь падскоквае і круціцца на месцы) Ці зарабіў Мішка калядны ласунак?

Гаспадыня: Так, зарабіў! Вось табе, Мішка, бочачка мёду! (Мядзведзь радасна прытанцоўвае)

Калядоўшчыкі: А нам?!

Гаспадыня:

Ой, ладачкі-ладкі.

Надышлі Калядкі.

Ёсць у мяне кавалак пірага.

Каб не брала туга.

Яйкі, бульба, скварка –

З уласнай гаспадаркі.

Калядоўшчыкі: Каб ваша хата была заўжды багата! (кланяюцца)

Гаспадыня: А вы музыкі, грайце, грайце. А вы, госцікі, гуляйце, гуляйце.

Гульня «Каляда»

Дзеці ўтвараюць паўмесячык, кожны трымае ў руках падарунак (цацкі, малюнкі...) Калядзе.

Дзеці: Ехала Каляда з Шуміліна

У маляваным вазочку,

На вароненькім канёчку,

Заехала Каляда ў дзіцячы сад.

Выхавальнік  называе імя аднаго з ўдзельнікаў гульні. Каляда пытаецца ў яго, напрыклад: “Мікола, Мікола, чым даруеш Каляду? Хлопчык называе свой падарунак і аддае яго Калядзе. Каляда гаворыць: Дзякуй табе за твой добры падарунак. (Можна прапанаваць дарыць Калядзе “фізкультурныя” падарункі» — розныя практыкаванні.) Гэтак называецца імя кожнага ўдзельніка гульні.

Гаспадыня:

Будзем Каляды святкаваць,

Будзем разам танцаваць!

Музычна-рытмічная гульня “Бубен”

Дзеці становяцца ў круг, перадаюць бубен адзін аднаму і спяваюць:

“Ты бяжы, вясёлы бубен,

Хутка, хутка па руках,

У каго вясёлы бубен,

Той няхай станцуе нам”.

Гучыць беларуская народная музыка. Дзіця з бубнам ідзе па крузе, выконваючы танцавальныя рухі, а астатнія пляскаюць у далоні.

Гаспадыня: А ў мяне ёсць чароўная хустка. Давайце мы з ёй пагуляем!

Музыка, грай!

Жару, паддавай!

Зробім круг вялікі,

Хай паскачуць чаравікі!

Музычна-рытмічная гульня “Хустачка”

Пад беларускую народную музыку дзеці танцуюць. Калі гучанне музыкі спыняецца. Дзеці прысядаюць і заплюшчваюць вочы. Гаспадыня накрывае аднаго з дзяцей хусткай, а астатнім трэба адгадаць, хто схаваны  пад ёй.

Гаспадыня: Ну, дзякуй нашым калядоўшчыкам, весела было, я аж успомнiла сваю маладосць i нават памаладзела!

Гаспадар: З даўнiх часоў людзi верылi – як пачнеш год, так i пражывеш!

Дзякуй вам, госцейкі добрыя,
За сустрэчу прыветную!
Каб пілося вам і елася
І спяваць хацелася!

Павадыр:

Мы па вуліцы хадзілі, танчылі, спявалі.

Ўсіх суседзяў весялілі – так калядавалі!

Абышлі ўсе двары, і, напэўна, годзе!

Завітаем да вас у наступным годзе!

Гучыць аўдыязапіс беларускай народнай музыкі. Калядоўшчыкі развітваюцца з Гаспадыней і Гаспадаром.

Фізкультурнае свята «Куфэрак народных гульняў”

Мэты: стварэнне ўмоў для развіцця рухальных якасцяў з дапамогай беларускіх народных гульняў.

Задачы: стварыць умовы для фармавання ведаў пра беларускія народныя гульні; спрыяць развіццю спрыту, шпаркасці рэакцыі, увагі, назіральнасці; садзейнічаць фармаванню патрыятызму, любові да роднага краю.

Ход мерапрыемства

-Добры дзень дарагія дзеці! Сёння наша свята прысвечаны беларускім народным гульням. А як вы думаеце, хто прыдумаў гэтыя гульні? (адказы дзяцей) На гэтае пытанне адзін адказ: яны створаны народам, гэтак жа як казкі і песні. Як назвы гульняў, так і правілы былі розныя ў розных галінах Беларусі, але агульным для іх з'яўлялася імкненне выйграць, атрымаць перамогу. І мы з вамі сёння таксама будзем гуляць у беларускія народныя гульні. Сёння мы з вамі даведаемся пра некаторыя гульні беларускага народа, навучымся гуляць у іх. Але, перш чым пачаць гуляць, часцей за ўсё патрэбна было палічыцца. Для гэтага былі прыдуманы розныя цікавыя лічылкі. Якія лічылкі ведаеце вы? (дзеці  прапануюць свае варыянты). Зараз мы з вамі вывучым яшчэ адну лічылку на беларускай мове.

Бусел, бусел, клякатун,

Схапіў жабу за каўтун.

Цёгаў, цёгаў, валачыў,

Покі дождж не намачыў.

-А цяпер прыйшоў час пагуляць. І першая наша гульня называецца

“Свабоднае месца”

Мэта: развіваць хуткасць бегу, спрыт, вынослівасць.

Апісанне гульні: дзеці становяцца ў круг шчыльна адзін каля аднаго. Водзячы выклікае двух дзяцей, якія стаяць побач, яны робяць крок назад і становяцца спіной адзін да аднаго. Па сігналу: «Раз - два - тры - бяжы!» дзеці бягуць у розныя бакі па кругу, стараючыся хутчэй дабегчы да свайго месца. Той, хто хутчэй дабег да свайго месца і заняў яго, лічыцца пераможцам. Затым водзячы выклікае двух іншых ігракоў і г.д.

Правілы гульні: бегчы дазваляецца толькі са знешняга боку круга. У час бегу нельга хапаць рукамі дзяцей.

“Міхасік”

Мэта: садзейнічаць развіццю хуткасці, спрытнасці.

Інвентар: абручы або кольцы дыяметрам да 50 см.

Месца правядзення: зала, пляцоўка.

Апісанне гульні:  для правядзення гульні патрэбна мець некалькі кольцаў дыяметрам да 50 см., але іх павінна быць на адно менш, чым гульцоў.

Кольцы (або абручы) раскладваюцца па крузе, вакол іх становяцца гульцы. Адзін з гуляючых гаворыць такія словы:

Ты, Міхаська, не зявай, не зявай!

Лапаточкі абувай, абувай!

Правілы гульні: гучыць беларуская народная мелодыя, гульцы танцуючы рухаюцца па крузе. Як толькі музыка заканчваецца, усе спыняюцца і стараюцца як мага хутчэй “абуць лапці” – заняць свабоднае месца у адным з кольцаў. Гулец, які застаўся без “лапцяў”, выбывае з гульні.

Пасля гэтага забіраецца яшчэ адзін абруч, і гульня працягваецца да той пары, пакуль у крузе не застанецца адзін гулец. Ён лічыцца пераможцам. 

“Фарбы”

Мэта: практыкаваць у бегу з лоўляй і выкрутамі, развіваць памяць, кемлівасць.

Апісанне гульні:  дзеці выбіраюць гаспадара фарбаў і адгадчыка Несцерку. Усе астатнія дзеці — фарбы.

Несцерка адыходзіць убок, а гаспадар і фарбы ціхенька згаворваюцца, хто якой фарбай будзе. Назву фарбам можа даваць гаспадар, або яны выбіраюць самі. Кожны з тых, хто гуляе, выбірае сабе які-небудзь колер (зялёны, чырвоны, белы і г.д.). Гаспадар павінен добра запомніць, хто якая фарба.

Калі назвы дадзены, фарбы і гаспадар прысядаюць на кукішкі і робяць выгляд, што засынаюць.

Тут да фарбаў падыходзіць Несцерка, тупае некалькі разоў нагой і гаворыць:

- Стук-стук!

Гаспадар прачынаецца і пытаецца:

- Хто тут?

- Несцерка!

- Чаго прыйшоў?

- Па фарбу?

- Па якую?

Несцерка называе які-небудзь колер, напрыклад:

- Па сінюю!

Калі такога колеру сярод фарбаў няма, гаспадар гаворыць:

- Такой фарбы ў нас няма!

А ўсе фарбы пляскаюць у ладкі і прыгаворваюць:

Пайдзі за сіненькі лясок,

Знайдзі сіні чабаток.

Панасі, панасі!

I нам прынясі!

Пасля гэтых слоў Несцерка адыходзіць убок, потым вяртаецца і працягвае з гаспадаром ранейшую гутарку:

- Стук-стук!

- Хто там?

- Несцерка!

- Чаго прыйшоў?

- Па фарбу!

- Па якую?

- Па белую!

Калі белая фарба ёсць, гаспадар яму гаворыць:

- Есць белая фарба, бяры яе!

«Фарба» ўцякае, а Несцерка яго ловіць.

Правілы гульні: дзіця-фарба павінна бегчы ў загадзя абазначанае месца, злоўленая фарба наступны раз у гульні ўдзел не прымае.

“Гусі – лебедзі”

Мэта: развіваць у дзяцей дыялагічную мову, уменне дзейнічаць па слоўным сігнале, спалучаць словы з дзеяннямі.

Апiсанне гульні: выхавальнік прапануе пагуляць у гульню.

Вы, дзеці, будзеце гусямі, а я - вашай гаспадыняй. Вы пасвіцеся вось тут на траўцы (паказвае месца), а ў тым вугле будзе логава ваўка.

З дапамогай лічылкі дзеці выбіраюць “ваўка”. “Гусі” знаходзяцца ў адным канцы пакоя (пляцоўкі), “гаспадыня” – у другім, “воўк” – убаку. Далей паміж “гаспадыняй” і “гусямі” адбываецца наступны дыялог:

Гусі,гусі... – Га-га-га!

Есці хочаце? – Ага!

Дык ляціце... – Го-го-го...

Воўк зубаты за гарой.

Гусі,гусі! – Го-го-го.

Вы не бойцеся яго!

Першай гуска паляцела,

Потым - гусяняты.

І гусак падняўся смела,

Следам – воўк зубаты.

“Гусі” бягуць да “гаспадыні”. “Воўк” стараецца іх злавіць. Злавіўшы аднаго, ён вядзе яго у сваё логава. Калі “воўк” нікога не зловіць, “гаспадыня” гаворыць:

Скочыў шэры на дарогу,

Толькі не злавіў нікога! (Гульня паўтараецца.)

“Грушка”

Мэта: ўдасканальваць навыкі бегу з выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў наваколле.

Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяўчынка ці хлопчык. Гэта і ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол грушкі і спяваюць:

Мы пасадзім грушку усе, усе,

Няхай наша грушка расце, расце.

Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні,

Распусціся, грушка, вось такой шырыні!

Расці, расці, грушка, ды у добры час.

Маленькая (iмя) паскачы для нас.

А ўжо наша грушка распусцілася,

А наша (iмя) зажурылася.

А мы тую грушку весяліць будзем.

І ад нашай грушкі  уцякаць будзем.

Правiлы гульнi: на апошнія два словы дзеці разбягаюцца, а “грушка” ловіць.Дзеці павінны выконваць танцавальныя рухі па зместу песні.

-Мы гулялі і даведаліся многа новага. Якая гульня спадабалася вам больш? Пра што новае і цікавае вы даведаліся? (Адказы дзяцей). Наша спартыўнае мерапрыемства падышло да канца. Да пабачэння, да новых сустрэч!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.