Кансультацыя для бацькоў “Беларускі фальклор для дзяцей”

Дата: 15 ноября 2022 в 08:44, Обновлено 14 декабря 2023 в 11:29

“Беларускі фальклор для дзяцей”

(кансультацыя для бацькоў)

    Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым дзіцячы фальклор і народныя гульні.  Творы вуснай народнай творчасці змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё; на прыкладзе знаёмых вобразаў (кот, гусі, каза), праз нескладаныя сюжэты выхоўвае веру ў дабро, справядлівасць, раскрывае маральна-этычныя погляды беларусаў, дае магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова.  Ужо сёння важна звярнуць увагу на выхаванне пачуцця патрыятызму, пазбаўленне комплексаў нацыянальнай прыніжанасці і нігілізму. Гэта задача набывае актуальнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай.

    Спецыфічныя ўмовы двухмоўя патрабуюць асаблівай увагі да авалодання дзецьмі роднай беларускай мовай. Сітуацыя, калі дзеці адначасова чуюць і рускую, і беларускую мовы, садзейнічае аднолькаваму ўзроўню іх ўспрымання, разумення. Улічваючы гэтыя асаблівасці, неабходна, каб дзеці часцей чулі, разумелі, ведалі родную беларускую мову, каб авалоданне правільным беларускім маўленнем ажыццяўлялася ў працэсе арганізаванага навучання.  

      Вызначым мастацкія асаблівасці кожнага віда фальклорных твораў.

Калыханкі – асноўная задача –супакоіць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі. Часцей за ўсё – гэта калыханкі пра ката. Раней, перш чым пакласці дзіця ў ложак ці калыску, туды пускалі ката, каб ён забраў усе чары, а пакінуў толькі цяпло, дабро, прыязнасць.

Забаўлянкі, пацешкі– суправаджаюць пальчыкавыя гульні, гушканне, пацягванне, першыя крокі дзіця, супакойванне, кармленне.

Песні – адносяцца песні дарослых для дзяцей і тыя песні, што выконваюць самі дзеці. Праз песні атрымоўваюць пэўныя ўяўленні аб навакольным свеце, выхоўваецца павага да працы, асуджаецца лянота, абыякавасць. Займальнасць сюжэта, яго дынамічнасць, кампазіцыйная стройнасць спрыяюць вобразнаму мышленню, адначасова дапамагаюць засвоіць пэўныя гукі (прыпевы гой-гой-гой! Люлі-люлі)

Заклічкі – гэта зварот, заклік да сіл прыроды, з’явам, адухаўленне прыроды.

Дражнілкі – лаканічныя, невялікага памеру, высмейваюцца нейкія адмоўныя рысы чалавека ці жывел, дакладна перадаюць пэўную рысу характару.

Лічылкі – прысвечаны для ўстановы чароднасці ў гульнях, выбар вядучага.

Гульні– прасочваецца цесная сувязь з земляробствам, з бытам, з навакольнай прыродай; многія гульні заснаваны на перайманні рухаў, дзеянняў пры пэўных гаспадарчых працах. У некаторыя гульні арганічна ўваходзяць і іншыя творы дзіцячага фальклору – лічылкі, забаўлянкі, калыханкі.

Казкі – універсальны сродак народнай педагогікі; утрымліваюць жыццевы маральны вопыт, народную мудрасць, рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, вучаць адрозніваць добрае ад дрэннага. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, прыгодніцкімі дзеямі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова. Казкі лепш расказваць, чым чытаць, расказваць пранікнене і цікава, гледзячы у вочы дзецям.

Загадкі – у сціслай і дакладнай форме падводзілі вынікі назіранняў за цэлымі групамі жыццевых з’яў, жывел, птушак, вызнаючы іх характэрныя асаблівасці; загадкі служаць разумоваму выхаванню.

Прыказкі – трапнае, лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераносны сэнс. У ёй выказваецца закончаная думка, якая дзякуючы шырокім абагульненням дае ацэнку з’яў, падзей, узаемаадносін паміж людзьмі.

Прымаўкі – характарызуецца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваецца найчасцей у канкрэтнай моўнай сітуацыі, можа быць зразумелай толькі ў кантэксце.

Прыказкі і прымаўкі надаюць мове выразнасць, яскравасць, вобразнасць, садзейнічаюць выхаванню высокіх маральных пачуццяў, перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа.

Родная мова, якой авалодваюць дзеці ў зносінах з дарослымі, з'яўляецца галоўным сродкам засваення імі культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. У родным слове, па сцвярджэнні вялікага рускага педагога К. Д. Ушынскага, народ клапатліва захоўвае "ўвесь след свайго духоўнага жыцця". Матчына мова, мова бацькоў, продкаў з'яўляецца і сродкам, і зместам духоўнага развіцця асобы чалавека.

Большасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы выхоўваецца ў рускамоўных сем'ях, а яшчэ значная частка ў сем'ях, дзе размаўляюць на так званай "трасянцы" - сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да ўзнікнення з'явы інтэрферэнцыі - "засметчанасць" мовы: пранікнення ў рускае маўленне беларусізмаў, а беларускае - русізмаў. Напрыклад, гаворачы па-руску, ужываюць беларускія словы(сварила бурак), граматычныя формы, уласцівыя беларускай мове (гулять с папам), дапускаюць арфаэпічныя і фанетычныя памылкі (рымень, дзевачка). Часта дзеці паралельна ўжываюць агульныя па значэнні словы абедзвюх моў (кукла і лялька, сапожки і боты, картинка і малюнак, играть і гуляць і інш.).

         Паколькі адсутнічае граматнае беларускамоўнае асяродзе, у якім нашы дзеці маглі б самастойна засвойваць нормы і правілы маўлення, дарослыя павінны спецыяльна арганізоўваць  мэтанакіраванае навучанне дзяцей  беларускай мове праз даступныя віды дзіцячай дзейнасці.

            Паважаныя бацькі, мы не сумняваемся, што вы зацікаўлены ў тым, каб ваша дзіця ў будучым паспяхова засвойвала школьную праграму. А рыхтаваць яго да навучання ў школе неабходна як мага раней. Тым больш, што адукацыйны працэс у  школе ажыццяўляецца таксама і на беларускай мове.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.