Канспекты заняткаў

Дата: 15 апреля 2022 в 10:50, Обновлено 29 декабря 2022 в 08:51

Канспект

занятка па адукацыйнай галiне

«Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін»

(з выкарыстаннем ІКТ)

для дзяцей сярэдняй группы

па тэме “Дзед-Барадзед у гасцях у дзяцей”

https://disk.yandex.by/i/-NBl4IFVPi4UAA

Праграмныя задачы: фарміраваць устойліваю цікавасць да беларускай мовы, уменне выкарыстоўваць дзеясловы ў прошлым часе, будаваць простыя сказы, называць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, узбагачаць слоўнік, замацоўваць вымаўленне гукаў (ч), (ў), слоў “верабей”, “шэранькі”, “маленькі”, найбольш ужывальныя формы беларускага этыкету; развіваць элементарныя навыкі зносін на беларускай мове, памяць; выхоўваць шчодрасць, ветлівасць як якасці характару.

Матэрыял: прэзентацыя: птушка верабей, лялька Дзед-Барадзед, карткі з выявамі птушак (сінічка, дзяцел, чапля, сарока, варона, ластаўка, бусел, сава), пярынкі.

Ход занятка

(слайд№1)

(Гучыць музыка з калыханкі)

Выхавальнік (В.): Дзеці, паглядзіце, хто завітаў да нас. (У групу заходзіць Дзед-Барадзед).

Дзед-Барадзед: Прывітанне, дзеці. Сёння я завітаў да вас у госці, але не з пустымі рукамі. Я прынёс музычны куфэрак, дзе сабраў розныя гукі птушак. Вось паслухайце. (Гучаць гукі розных птушак)(слайд№2)

Дзед-Барадзед: Сення я раскажу вам пра адну птушку. Каб даведацца, хто гэта, трэба адгадаць загадку:

Я з пярынак ды саломін

Будаваць умею домік.

Чык-чырык, чык-чырык –

Пад акном чуваць мой крык. (Верабей)

(слайд№3)

Дзед-Барадзед: Так, гэта верабей. Паўтарыце за мной: верабей.

В. А як вы здагадаліся, што гэта верабей? Ці бачылі вы вераб’я ці вераб’ёў? (Адказы дзяцей)

В. Звярніце ўвагу на вераб’я. (слайд№4, відэа)

В. Адкажыце, які верабей, што ў яго ёсць.

(Дзеці: маленькі, шэранькі. У яго светлы жывоцік, чорныя маленькія вочкі, маленькая дзюбка і маленькі хвосцік, ёсць крыльцы).

Дзед-Барадзед: Якія вы малайцы! А зараз ад мяне гульня “Знайдзі вераб’я”

Дзеці дзеляцца на 3 падгрупы. Кожнай падгрупе з прапанаваных картак з выявамі птушак неабходна выбраць вераб’я.

1-я гр. –сінічка, сава, дзяцел, верабей.

2-я гр. –варона, сарока, ластаўка, верабей.

3-я гр. –бусел, чапля, сава, верабей.

Дзед-Барадзед: Добра, справіліся з заданнем. Яшчэ адна гульня ад мяне.

Гульня “Ператварыся ў вераб’я”

В. Дзеці, вакол сябе павярніцеця і ў вераб’ёў ператварыцеся. Я называю словы, а вы паказвайце: дзюбка, вочкі, крыльца, хвосцік, ножкі (лапкі). (Дзеці паказваюць на сабе)

В. Як ласкава назваць вераб’я? Па-беларуску кажуць: верабейка, верабейчык. (Дзеці паўтараюць) У людзей ёсць імены. Давайце прыдумаем імя верабейку. (Выхавальнік выслухоўвае прапановы) Успомніце, як чырыкае верабей. Прапаную назваць яго Чык-чырык. (Дзеці паўтараюць. Выхавальнік звяртае ўвагу на вымаўленне гука (ч))

Верабейка Чык-чырык

Прылятаць да нас прывык,

Любіць проса і батон

І па скоках чэмпіён.

Што любіць рабіць верабей? (Лятаць, скакаць, шчабятаць, дзяўбаць). (Кожнае слова дзеці паўтараюць) Здагадайцеся, што робіць верабейка. (Паказваюць дзеянні) (Верабейка лятае. Верабейка скача. Верабейка шчабеча. Верабейка дзяўбе).

Выхавальнік сочыць, каб дзеці правільна будавалі сказы.

Дзед-Барадзед: Птушачка галодная. Пакормім вераб’я. Уявіце, што ў вас у руках зерне або крошкі хлеба. Пачастуйце верабейку. Як радаваўся верабей? (Чы-чырык, чык-чырык) Што сказаў за ежу? (Дзякуй) Паеў верабейчык, павесялеў.

Дзед-Барадзед: А я прапаную вам зноў пагуляць.

Гульня “Раскажы і пакажы”

Дзеці становяцца ў кола. Па лічылцы выбіраецца “верабейка”:

Ляцела птушачка,

Птушачка-пяюшачка.

Раз-два-тры, раз-два-тры-

Верабейкам будзеш ты!

Выхавальнік расказвае “верабейку” і дзецям, якія словы ім трэба гаварыць. Адбываецца дыялог.

Дзеці: Верабейка!

Верабейка: Ціў-ціў-ціў!

Дзеці: Раскажы, што ты рабіў!

Верабейка: Лятаў!

Дзеці: Як? Пакажы!

Верабейка: Вось так! (Паказвае) А вы так можаце?

Дзеці: Можам! (Паказваюць)

Гульня паўтараецца. “Верабейка” скача, махае крыльцамі, ловіць “мошак”.

В. Верабей, не дурэй,

- Чы-чы-чы, не скачы.

Дзеці сядаюць на стулы

В. Паэт Васіль Вітка расказаў цікавую гісторыю, якая адбылася з верабейкам. Успомнім, што мы сказалі яму. (Чы-чы-чы, верабей, не скачы, не дурэй)

Не паслухаў ён мяне,

Стаў скакаць на бервяне,

Хацеў злавіць мошку,

Зламаў сабе ножку.

Я каленца вераб’ю

Палаценцам пераўю,

На хворую ножку

Пашыю пянчошку.

Чы-чы-чы, верабей, не скачы, не дурэй.

В. Дзе скакаў верабейка? Каго хацеў злавіць? Што здарылася з верабейкам? Якую дапамогу яму аказалі? (Адказы дзяцей)

Мы ведаем, якая гісторыя адбылася з верабейкам. Давайце раскажам яе Дзду-Барадзеду.

(Дзеці дагаворваюць словы з дапамогай мнематабліцы, слайд№5)

-Чы-чы-чы, верабей,

Не скачы, (не дурэй).

Не паслухаў ён мяне,

Стаў скакаць (на бервяне),

Хацеў злавіць мошку,

Зламаў сабе (ножку).

Я каленца вераб’ю

Палаценцам (пераўю),

На хворую ножку

Пашыю (панчошку).

Чы-чы-чы, верабей, не скачы, (не дурэй).

Дзед-Барадзед: Вось і скончылася наша сустрэча з верабейкам.

В. Дзякуй, Дзед-Барадзед, што ты завітаў да нас у госці. Да пабачэння, да новых сустрэч.

В. Што было на занятку для вас цікавым?  Хто быў у вас у гасцях?

Для мяне цікавым было (гуляць у розныя гульні, скакаць, як верабейка). Сёння я (расказаў верш, быў “верабейкам”).

Выхавальнік хваліць дзяцей за старанне, за поспехі. Для падтрымкі цікавасці і матывацыі выхаванцаў можна падзяліцца планамі на наступныя заняткі.

Канспект

занятка па адукацыйнай галiне

«Дзіця і грамадства»

для дзяцей старшай группы (5 – 6 гадоў)

(з выкарыстаннем ІКТ)

па тэме “Таямніцы Белавежскай пушчы”

https://disk.yandex.by/i/2Fj-qkTr7vzw1A

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні пра асаблівасці жывёльнага і расліннага свету Белавежскай пушчы, аб славутасцях нацыянальнага парку (музей народнага побыту, маёнтак беларускага Дзеда Мароза), практыкавацца ў называнні птушак па голасе. Развіваць уменні групаваць расліны па будове лістоў (ліставыя, хвойныя); распазнаваць і называць грыбы (атрутныя і неатрутныя); развіваць увагу, памяць, лагічнае мысленне, здольнасць мэтанакіравана разважаць, рабіць высновы. Выхоўваць павагу і беражлівыя адносіны да прыроды, жаданне пазнаваць яе.

Матэрыял: мультымедыйнае абсталяванне (інтэрактыўная дошка); аўдыёзапіс песні “Белавежская пушча”, прэзентацыя са слайдамі, малюнкі да дыдактычных гульняў  “Правілы паводзін ў лесе”, “Адгадай жывёлу”.

Ход ханятка

В. Дзеці, сёння на электронную пошту нашага дзіцячага садка прыйшло пісьмо ад Лесавіка. Слайд 1, 2.

На экране з’яўляецца пісьмо і казачны герой Лесавік.

В. Паслухайце, што ён піша. Слайд 3.

Добры дзень, дарагія сябры! Я запрашаю Вас накіравацца разам са мной у незвычайнае падарожжа. А вось, каб даведацца куды, трэба паслухаць песню”. Слайд 4.

Гучыць песня ў выкананні ансамбля “Песняры” – Белавежская пушча”

В. Дзеці, пра што спявалася ў песні? (Пра Белавежскую пушчу). Што ж такое Белавежская пушча? (Гэта месца, дзе абараняюцца рэдкія жывёлы, птушкі, расліны. Там нельга рваць кветкі, збіраць ягады і грыбы). Так, усё правільна. Белавежская пушча гэта – нацыянальны парк, сімвал нашай Беларусі. Гэта месца можна назваць сапраўдным прыродна-экалагічным музеем пад адкрытым небам, бо менавіта тут знаходзяцца рэдкія віды дзікіх жывёл і раслін, а маляўнічы старажытны лес літаральна зачароўвае сваёй прыгажосцю. Вы здагадаліся, куды Лесавік запрашае нас? (у Белавежкую пушчу).

В. Чытаем далей пісьмо ад Лесавіка. Слайд 5.

На шляху вас чакаюць некалькі прыпынкаў: Лясное царства, Паднябессе  Птушак”, “Грыбная паляна”, “Музей народнага побыту”. На кожным з прыпынкаў вы будзеце выконваць заданні, за якія атрымаеце часткі пазла. Калі ўсе часткі збярэце, то ўбачыце мой падарунак для вас. Жадаю вам добрага настрою, поспеху. У добры шлях!

В. Перш чым адправіцца туды, раскажыце, як трэба паводзіць сябе у лесе. Слайд 6.

Дыдактычная гульня: “Правілы паводзін у лесе”

Дзецям  прапануюцца карцінкі з выявай паводзінаў у лесе. Дзеці дзеляцца на дзве групы: першая група выбіраюць карцінкі як можна паводзіць у лесе; другая група – як нельга паводзіць сябе ў лесе, тлумачаць, чаму яны так лічаць, распавядаюць, як трэба сябе паводзіць у дадзенай сітуацыі.

В. Малайцы, дзеці! Вы – сапраўдныя сябры прыроды, таму Белавежская пушча адчыняе перад вамі свае дзверы. Першы прыпынак –  “Лясное царства”. Слайд 7. Пушча – вялікі і магутны лес, у якім забараняецца высякаць дрэвы. Таму тут растуць дрэвы-гіганты – векавыя сосны і елкі, дубы і бярозы. Паслухайце  пра іх.

Аповяд  выхавальніка пра дуб. Слайд 8.

Першае  заданне, дыдактычная  гульня “Ліставыя і хвойныя дрэвы”

Дзецям неабходна разгрупаваць расліны па будове лістоў (ліставыя, хвойныя).

https://wordwall.net/ru/resource/30174697/

Па выніках першага задання дзеці атрымліваць першую частку пазла.

Слайд 9.

В. Жывёльны свет Белавежскай пушчы вельмі разнастайны. Каб даведацца, якія жывёлы тут жывуць, прапаную пагуляць.

Другое заданне, дыдактычная гульня Адгадай жывёлу”

Дзеці дзеляцца на пары. Кожная пара выбірае сабе сілуэт жывёлы, тлумачыць, па якіх прыкметах  даведаліся. Слайд 10.

В. Малайцы! Вы адгадалі ўсіх жывёл.

Па выніках задання дзеці атрымліваць другую частку пазла. Слайд 11.

В. Бачу я, што вы стаміліся, крышку адпачнём.

Фізкультхвілінка “На паляне ў бары

На паляне ў бары карагодзілі звяры:

Туп-валюх – ішлі мядзведзі,

А ліса плыла, як лебедзь.

Многа-многа касавокіх

беглі хуценька ў прыскокі.

А нязграбныя ваўкі

адхіляліся ў бакі.(імітаваць рух кожнага звера).

В. А зараз трэба расказаць, чым харчуюцца гэтыя жывёлы.

Трэцяе  заданне, дыдактычная гульня “Накармі жывёлу”

Дзецям неабходна павільна падабраць малюнкі: якая жывёла, што есць.

https://learningapps.org/display?v=phjr45toc22

Па выніках задання дзеці атрымліваць наступную частку пазла. Слайд 12.

В. А нас чакае прыпынак “Паднябессе Птушак”. Слайд 13. Свет птушак у Белавежскай пушчы разнастайны. Іх меладычныя песні, яркае пер’е ажыўляюць прыроду, выклікаюць радасць і бадзёрасць. Давайце  паспрабуем адгадаць птушку па голасе.

Чацвёртае заданне, дыдактычная гульня  “Адгадай птушку па голасе”

https://disk.yandex.by/i/0t-z5AU5uESFlQ

Гучаць галасы птушак, дзеці называюць якой птушцы належыць голас.

В. Малайцы! Дакладна, вы вызначылі гукі птушак. Яшчэ адну частку пазла вы атрымалі. Слайд 14.

В. У Белавежскай пушчы разнастайны не толькі жывёльны свет, але і раслінны. Яшчэ адзін прыпынак “Грыбная паляна”. Слайд 15. Нас чакае наступнае заданне.

Пятае заданне, дыдактычная гульня  “Грыбная грамата”

https://learningapps.org/display?v=perdji4hj22

Дзецям неабходна распазнаць, назваць і правільна размясціць грыбы (атрутныя і неатрутныя).

Па выніках задання дзеці атрымліваюць наступную частку пазла. Слайд 16.

В. Вось і апошні прыпынак “Музей народнага побыту”. Слайд 17. На тэрыторыі парка “Белавежская пушча” размешчаны музей народнага побыту. У залах музея сабраны багатыя цікавыя экспанаты. Дзякуючы ім, перад вачыма наведвальнікаў быццам перагортваюцца старонкі даўніны. Прапаную вам віртуальную экскурсію ў музей народнага побыту.

https://www.youtube.com/watch?v=TSyzusZMMZw&t=4s

В. Цікавае атрымалася падарожжа, я бачу, вам спадабалася. А вось і апошняя частка пазла. Слайд 18. Ўсе  часткі пазла вы атрымалі,  трэба іх скласці. Тое, што атрымаецца і будзе падарунакам ад Лесавіка.

Дзеці  збіраюць пазл (атрымліваецца запрашэнне у маёнтак Дзеда Мароза).

Слайд 19.

В. Толькі ў Белавежскай пушчы можна ўбачыць сапраўдную прыгажосць прыроды, з асалодай адчуць водар ляснога паветра. А самае галоўнае, што тут можна сустрэцца з сапраўдным Дзедам Марозам. Загадаць жаданні, якія абавязкова збудуцца. Вялікі дзякуй Лесавічку за таямніцы Белавежскай пушчы. Час бяжыць. Трэба вяртацца дадому. Я ведаю, што кожны з вас раскажа родным пра наша падарожжа ў Белавежскую пушчу. Запрашэнне  у маёнтак Дзеда Мароза мы атрымалі, таму ў наступны раз менавіта туды мы з вамі і адправімся. Слайд 20.

Выхавальнік прапануе дзецям успомніць, у якія гульні яны гулялі, якія заданні выконвалі, што ім было цікава і запомнілась больш за ўсё.

Канспект

занятка з выкарыстаннем метадаў візуалізацыі

па адукацыйнай галiне

«Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін»

для дзяцей сярэдняй группы

па тэме “Падарожжа ў краіну здароў’я”

Праграмныя задачы: фарміраваць уменне называць прадметы навакольнага асяроддзя на беларускай мове (карысныя і шкодныя прадукты: агурок, морква, яблык, капуста, піцца, шакалад, марожанае), прадметы гігіены, іх якасці (мыла – пахучае, ручнік – мяккі, грэбень – калючы, мачалка – маккая), дзеянні (ручніком – выціраюцца, мылам – намыльваюцца, грэбнем – расчосваюцца, мачалкай – націраюцца); практыкавацца ва ўменні называць дзеясловы з назоўнікам мяч (адбіваць, падкідваць, катаць, кідаць, пінаць, лавіць, забіваць, перадаваць); практыкавацца ў правільным вымаўленні гука (ш-ш-ш), ва ўменні гаварыць звязна, абапіраючыся на малюнкі. Развіваць  элементарныя навыкі зносін на беларускай мове, уменні разумець маўленне дарослага, адказваць на яго пытанні. Выхоўваць  цікавасць да беларускай мовы, асновы здаровага лада жыцця, культуру гігіенічных навыкаў.

Ход ханятка

Выхавальнік: Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,

Зямлі нашай пакланіцеся

За шчаслівы дзень учарашні.

Усе да сонца пацягніцеся,

Улева, управа нахіліцеся,

Верацёнцам пакруціцеся.

Раз прысядзьце, два прысядзьце

І на стулы ціха сядзьце. (дзеці выконваюць рухі па тэксту)

Выхавальнік: Дзеці, сёння я прапаную вам адправіцца ў вельмі цікавае падарожжа – краіну здароўя, дзе мы з вамі пагаворым пра здароўе. Давайце возьмемся за рукі, заплюшчым вочы і скажам чароўныя словы “1, 2, 3, сябра краніся, у чароўнай краіне здароўя, апыніся”. Вось мы з вамі апынуліся ў чароўнай краіне здароўя...

Выхавальнік: дзеці, скажыце, а як можна даведацца жыхароў чароўнай краіны здароўя, яны павінны быць якімі? (вясёлыя, усмешлівыя, якія займаюцца творчай працай, спортам  і г. д.). А жыхары краіны нездароўя? (сумныя, злыя, гультаяватыя, хворыя)

Выхавальнік: паглядзіце, колькі ў краіне здароўя розных вуліц.

Першая вуліца “Вітамінка”

Тэхналогія “Кросенс”. Дзеці павінны падабраць, аб’яднаць малюнкі па сэнсу: карысныя прадукты і шкодныя.

Дзеці выконваюць заданне.

Другая вуліца “Куфэрак здароўя

Выхавальнік: ой! А што гэта за куфар? Зараз я зазірну ў яго... дзеці, ды  гэта не просты куфар, а куфар здароўя, а ў ім ляжаць сапраўдныя нашы памочнікі для барацьбы з навакольнымі нас мікробамі і для таго, каб мы былі з вамі здаровымі. Хочаце паглядзець, што ж там ляжыць? (Адказы дзяцей). Вы павінны навобмацак знайсці прадмет і сказаць, што гэта...і для чаго ён нам неабходны…

У “куфры здароўя” - мыла, мачалка, зубная шчотка, грабянец, зубная паста, шампунь, насоўка, сурвэтка, шчотка для адзення і г. д. Выхавальнік высвятляе разам з дзецьмі, для чаго патрэбен кожны прадмет, гутарыць аб неабходнасці захавання гігіенічных працэдур з мэтай умацавання і гартавання арганізма. Нагадвае, што ўсё гэта прадметы асабістай гігіены.

Выхавальнік: А зараз крышку адпачнём.

Фізкультхвілінка “Бусел”

На страсе прачнуўся бусел, (далонькі на твар, потым адымаем)
Доўгай шыяй пацягнуўся, (цягнемся галавой, носікамі дагары)
Распрастаў шырока крылы – (разводзім рукі ў розныя бакі)
Пёркі ветрам закруціла (круцім далонямі, пальчыкамі).
А на двор бяжыць сабачка, (тупаем ножкамі, рукамі дапамагаем бегчы),
Круціць хвосцікам там качка, (круцім попамі, распрацоўваем пазваночнік, талію, суставы),
І выходзіць - рукі ў бокі –
Гаспадар да іх высокі. (паважна выступаем, рукі ў бокі, спіна раскрытая, роўная, галава высока задраная).

Выхавальнік: Вось і наступны прыпынак.

Трэцяя вуліца “Забава”

Тэхналогія “Кросенс”. Дзеці павінны падабраць, аб’яднаць малюнкі па сэнсу: як можна гуляць з мячом (адбіваць, падкідваць, катаць, кідаць, пінаць, лавіць, забіваць, перадаваць).

Чацвёртая вуліца “Здароўе”

Выхавальнік: наша падарожжа працягваецца, на гэтай вцліцы расце нейкае дрэва. Я прапаную вам стаць садоўнікамі здароўя, Давайце выгадуем “Цуд-дрэва здароўя”. На стале ляжаць карцінкі, я прапаную вам выбраць тыя карткі, на якіх намаляваныя прадметы, якія дапамагаюць нам быць здаровымі.

Дзеці  прымацоўваюць на дрэва карцінкі.

Выхавальнік: Палюбуйцеся сваёй працай. Вось дык цуда-дрэва атрымалася. Карыснымі пладамі яно заквітнела. Давайце раскажам, каб быць здаровымі нам трэба – карысная, вітамінавая ежа, прымаць душ, чытаць кнігі седзячы, хадзіць да стаматолага, даглядаць за пазногцямі і пастрыгаць іх, купацца, хадзіць да лекара, ранкі мазаць ёдам і інш. Выхавальнік: наша падарожжа па чароўнай краіне здароўя падыходзіць да канца. Нам пара вяртацца ў наш дзіцячы сад. Давайце, закрыем вочы і скажам словы “1, 2, 3, сябра краніся, у дзіцячым садку, апыніся”. Вось мы з вамі і ў нашым дзіцячым садку.

Выхавальнік прапануе дзецям успомніць, у якія гульні яны гулялі ў краіне здароўя, якія заданні выконвалі, што ім было цікава і запомнілась больш за ўсё.

У выніку занятка можна зрабіць інтэлект-карту па тэме “Здароўе"

Канспект

занятка з выкарыстаннем STEM-падыхода

па адукацыйнай галiне

«Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін»

для дзяцей старэйшай группы

па тэме “Дапаможам Міхасіку”

Праграмныя задачы (адукацыйныя, развіваючыя, выхаваўчыя): фарміраваць уменне абследаваць прадмет і эксперыментаваць з паперай, вылучаючы выяўленыя якасці і ўласцівасці, адшукваць адказы на пытанні: рабіць здагадкі,  ажыццяўляць праверку і рабіць адэкватныя высновы; фарміраваць цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, удакладняць ўяўленні дзяцей аб тым, як выглядаюць пячныя прылады, іх назвы і прызначэнне; далучаць дзяцей да беларускай традыцыйнай культуры праз беларускую мову, беларускі дзіцячы фальклор (казкі, забаўлянкі). Фарміраваць пазітыўна-канструктыўны падыход да аналізу сітуацыі і выпраўлення памылак на аснове STEM-тэхналогій.  Выклікаць у дзяцей станоўчыя ўражанні ад праведзенай дзейнасці.

Развіваць пазнавальную актыўнасць дзяцей у працэсе эксперыментавання, творчае ўяўленне, слыхавую і зрокавую ўвагу, кемлівасць, лагічнае мысленне;  уменне класіфікаваць, параўноўваць, абагульняць.

Выхоўваць дапытлівасць, цікавасць да пазнавальнай дзейнасці, імкненне аказваць дапамогу іншым, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Выхоўваць  нацыянальную самасвядомасць, цікавасць да гісторыі роднага краю.

Чаканы вынік (прадстаўлення, уменні): разнастайныя заданні ў гульнявой форме дапамогуць дзецям развіць логіку і алгарытмічнае мысленне, творчыя здольнасці, дапытлівасць, выпрацаваць інжынерныя навыкі, набыць якасці, неабходныя для працы ў камандзе; садзейнічаць уменню аналізаваць вынікі сваёй працы; спрыяць развіццю  пазнавальнай актыўнасці дзяцей, павышэнню ўседлівасці і зніжэнню гіперактыўнасці дзяцей.

Дзеці навучацца самі вызначаць для сябе цікавую задачу, выбіраць спосабы і складаць алгарытм яе рашэння, уменне крытычна ацэньваць вынікі - выпрацоўваць інжынерны стыль мыслення; калектыўная дзейнасць будзе садзейнічаць развіццю навыка каманднай працы.

Выхаванцы змогуць навучыцца хутка вырашаць практычныя задачы і набыць для сябе базавыя веды праграмавання. Гэта дазволіць ім лепш развіць камунікатыўныя навыкі, папоўніць слоўнікавы запас, асвоіць граматычныя асаблівасці пабудовы прамовы, навучыцца праектаваць новыя ўнікальныя мадэлі.

У гульнявой форме дзеці навучацца лічыць, параўноўваць, набываць навыкі зносін. Прапанаваныя заданні садзейнічаюць развіццю матэматычных, філалагічных і інжынерных навыкаў.

Адукацыйны модуль “Эксперыментаванне з жывой і нежывой прыродай” садзейнічае  фарміраванню цікавасці да эксперыментавання з прадметамі навакольнага свету, засваенню прасторавых адносін, фарміраванню ўяўленняў аб навакольным свеце ў доследна-эксперыментальнай дзейнасці.

Дзеці ў знаёмых прадметах (кветкі з паперы) засвоюць новыя і невядомыя для сябе ўласцівасці (Калі папера намакае – валокны паперы становяцца таўсцей. Папера, напітаная вадой, становіцца цяжэй. Пад   цяжарам вады гарлачыкі  раскрываюць свае пялёсткі).

Адукацыйны модуль “ЛЕГА – канструяванне” развівае здольнасці да практычнага эксперыментавання, устанаўлення прычынна-следчых сувязяў, умення групаваць прадметы; ствараць новыя вобразы, фантазіраваць.

Адукацыйны модуль “Матэматычнае развіццё” садзейнічае пазнавальнаму развіццю выхаванцаў праз асваенне элементарных матэматычных уяўленняў і звязаных з імі лагічных аперацый з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцяў дзяцей па напрамках: прастора, колькасць, велічыня.

Адукацыйны модуль “Робататэхніка” спрыяе развіццю логікі і лагічнага мыслення; фарміраванню асноў праграмавання; развіццю  здольнасці да планавання, мадэлявання, апрацоўкі інфармацыі; уменню хутка вырашаць практычныя задачы; карыстацца універсальнымі знакавымі сістэмамі (сімваламі); развіццю здольнасцей да ацэнкі працэсу і вынікаў уласнай дзейнасці.

Занятак у форме займальных гульняў і заданняў садзейнічае развіццю ўяўленняў і творчага патэнцыяла, засваенню ІКТ (інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій), лічбавых і медыйных тэхналогій.

 Кожны модуль накіраваны на рашэнне спецыфічных задач, якія пры комплексным іх вырашэнні забяспечваюць рэалізацыю мэтаў STEM-адукацыі: развіццё інтэлектуальных здольнасцяў у працэсе пазнавальна-даследчай дзейнасці і ўключэнне ў навукова-тэхнічную творчасць дзяцей дашкольнага ўзросту.

Формы навучання: франтальная, падгрупавая, індывідуальная.

Метады навучання: наглядныя метады: дэманстрацыя слайдаў, паказ  і разглядванне прадметаў, схем, спосабаў дзеяння; слоўныя метады: гутарка, тлумачэнне, адказы дзяцей; гульнявыя метады: дыдактычныя гульні, з’яўленне героя, аб’екта, выкананне гульнявых дзеянняў; практычныя  метады: практыкаванні, элементарныя вопыты, мадэляванне, прадуктыўная дзейнасць.

Рэсурснае  забеспячэнне (абсталяванне і матэрыялы): праектар, камп’ютэр, экран, гукавыя калонкі, слайды з гульнявымі заданнямі, свістулька, пульт кіравання, лупы, схемы, “Лега” - канструктар, папяровыя кветкі гарлачыка, героі: Лявоніха - дарослы, Міхасік – дзіця; дэкарыцыі “Беларускай хаткі”: макет беларускай печы, вілкі, чыгунок, ручнікі, гліняны посуд, калыска;  мнематабліца; аўдыёзапіс беларускай народнай музыкі “Саўка ды Грышка”.

Ход занятка

В. Дзеці, сёння, калі я ішла на працу, знайшла дзіўны прадмет (паказвае прыгожую свістульку). Як вы думаеце, што гэта? (дудка, свістулька). Адкуль ёй тут узяцца? Як мы можам даведацца? (З навін, дапамагае электронная пошта, смартфон, тэлевізар) (1 слайд), (фота 2).  Правільна. Сёння  на электронную пошту нашага дзіцячага садка прыйшло пісьмо ад Міхасіка.

На экране з’яўляецца пісьмо і казачны герой Міхасік.

В. Ён  паведамляе, што калі гуляў з сябрамі, то ненарокам згубіў дудку. Міхасік просіць яе вярнуць.   А дапаможа нам чароўны куфэрак.  Каб  яго адчыніць і паглядзець што ў ім, трэба выканаць заданне.

В. Перад вамі героі беларускіх казак, назавіце іх. (казка “Лісіца-хітрыца” - Ліса (3 слайд) і “Лёгкі хлеб” – Воўк (4 слайд). Матэматычная задача “У каго ўлоў больш?”

Сабраліся Ліса і Воўк на рыбалку. Ліса ўзяла маленькую вуду з кароткай лескай, а воўк-скнара падумаў: "Вазьму-ка я самую вялікую вуду з доўгай-доўгай лескайбольш рыбы налаўлю". Селі лавіць рыбу. Ліса толькі паспявае рыбу выцягваць: то карася, то ляшча, то сома, то шчупака. А воўк злавіў платву, стаў яе з ракі цягнуць, ды ў доўгай лесцы і заблытаўся. Пакуль разблытаўся, ужо і дадому пара ісці.

В. Хто больш налавіў рыбы? (Ліса). Чаму? (У лісы была маленькая вуда і кароткая леска, а ў ваўка вялікая вуда і доўгая леска, у якой  ён заблытаўся).  Колькі ўсяго рыбы налавілі воўк і ліса? (5: карася, ляшча, сама, шчупака, платву) (5 слайд).

В. Заданне мы выканалі і можам паглядзець, што схавана ў чароўным куфэрку.

Выхавальнік адчыняе куфэрак, дзеці разглядаюць і называць прадметы (пульт кіравання, лупы, схема, канструктар “Лега”).

В. Гэтыя прадметы нам абавязкова дапамогуць на нашым шляху. Прапаную адправіцца на сустрэчу з Міхасікам  на цягніку. Вагончыкі, чапляйцеся хутчэй!

Дзеці становяцца адзін за адным – “садзяцца ў цягнік”. Выхавальнік вядзе дзяцей за сабой “змейкай”, усе вымаўляюць словы.

В. Гу-гу-гу- я вагончыкі цягну.

Го-го-го- вакол  шмат цікавага ўсяго.

Уг-уг- уг – на шляху зялёны луг.

Гень-гень-гень – вось  вялікі  камень.

Выхавальнік звяртае ўвагу на камень.

На камяні надпісы. “Направа  пойдзеш – нічога не знойдзеш. Прама пойдзеш – многа цікавага знойдзеш. Налева пойдзеш – у суседнюю групу зойдзеш”.

Дзеці вызначаюць накірунак. (Мы пойдзем прама!)

На шляху хата. Насустрач дзецям выхоздіць Лявоніха.

Дзеці. Добры дзень, Лявоніха!

Лявоніха.   Шчырыя вітанні, дзеці! Вы мяне пазналі?! Я рада  сустракаць вас  у сябе ў гасцях! Праходзьце, калі ласка!  Запрашаю вас зрабіць  падарожжа ў мінулае. Нашы продкі жылі ў такіх хатах, як мая.

Хата іх была малая,

Але ўтульная якая!

На  мае рэчы  паглядзіце –

Ды пра ўсё мне раскажыце.

У маёй хаце шмат рэчаў, якія вам вядомы. Я буду іх паказваць, а вы называць на беларускай мове.  (Лыжка, відэлец, кубак, абрус, ручнік, вілкі, качарга, лапата, чапля, патэльня.).

Лявоніха. Добра, дзеці, што вы ведаеце беларускія словы. А зараз я прапаную вам цікавую гульню  “Чароўны дыванок”. Паглядзіце, які ён прыгожы, з узорам. А калі перавярнуць яго на другі бок, то з ім можна пагуляць.

У сярэдзіне гульнявога  поля 16 малюнкаў: пячныя прылады, прадметы для прыгатавання ежы, беларускія стравы, прадметы побыту (вілкі,  чапля, качарга, лапата, чыгунок, патэльня, дзежка, прас, вугалле, збан, калаўрот, дровы, бульба, бліны, хлеб, скіба хлеба).

Дзеці павінны падабраць  пячным прыладам прадметы па сэнсу. Напрыклад: вілкі – чыгунок – чыгунок з бульбай; качарга – дровы – вугалле; лапата – дзежка – хлеб; чапля – патэльня – бліны.

Лявоніха. Дапаможа выканаць гэтае заданне мабільная печ (мініробат). Але  яна можа рухацца толькі з дапамогай пульта кіравання. Нажаль яго ў мяне няма.

В. Не бядуй, Лявоніха, у нашым куфэрку ёсць такі прадмет.

Выхавальнік дастае з куфэрка пульт кіравання

Лявоніха. Я буду даваць інструкцыю, а вы будзеце з дапамогай пульта кіравання перамяшчаць печ па “гульнявому полю”,  падбіраючы  пячным прыладам прадметы па сэнсу. 

  1. Мабільную печ змяшчаем на картку “вілкі”: 3 клеткі наперад, 2 клеткі направа, 1 клетка направа. Вынік: малюнак “чыгунок”. 1 клетка налева, 2 клеткі направа. Вынік: малюнак “чыгунок з бульбай”.
  2. Мабільную печ змяшчаем на картку “качарга”: 3 клеткі наперад, 2 клеткі направа. Вынік: малюнак “дровы”. 2 клеткі направа, 3 клеткі направа. Вынік: малюнак “вугалле”.
  3. Мабільную печ змяшчаем на картку “лапата”: 1 клетка наперад, 1 клетка направа, 2 клеткі налева. Вынік: малюнак “дзежка”. 1 клетка налева, 1 клетка налева, 2 клеткі налева, 1 клетка налева. Вынік: малюнак  “хлеб”.
  4. Мабільную печ змяшчаем на картку “чапля”: 2 клеткі налева, 2 клеткі направа, 2 клеткі направа. Вынік: малюнак “патэльня”. 2 клеткі направа, 2 клеткі направа, 1 клетка направа. Вынік: малюнак  “бліны”.

Лявоніха. Малайцы дзеці, усе заданні выканалі.

В. Вельмі было цікава, але нам трэба рухацца далей. Вагончыкі, чапляйцеся!

Дзеці становяцца адзін за адным – “садзяцца ў цягнік”. Выхавальнік вядзе дзяцей за сабой “змейкай”, усе вымаўляюць словы.

В. Чух-чух-чух-чух – паравозік наш вясёлы,

Чух-чух-чух-чух – адвязе нас хутка ў школу,

Будзем там мы навучацца,

Новых ведаў  набірацца.

Дзеці ідуць па зале і бачаць белыя папяровыя кветкі гарлачыка.

В. Паглядзіце, дзеці,  колькі тут кветак! А ведаеце вы, як яны называюцца?

Дзеці. Кветкі гарлачыка.

В. А дзе яны растуць?

Дзеці. У вадзе.

В. Але цяпер яны на зямлі. Напэўна, моцны вецер іх выкінуў з вады на бераг. Давайце дапаможам ім вярнуцца ў возера. 

Кожнае дзіця бярэ па папяровай кветцы і апускае яго ў ёмістасць з вадой-«возера». Апынуўшыся ў вадзе, кветка гарлачык пачынае распускацца.

В. Дзеці, паглядзіце, што здарылася з нашымі гарлачыкамі?

Дзеці. Яны распусціліся. 

В. Як вы думаеце, чаму гэта адбылося?

Дзеці. Таму што, кветкі гарлачыка зробленыя з паперы. Іх валокны напіталіся вадой і сталі цяжэй.

В. Давайце паглядзім, ці так гэта. Што нам спатрэбіцца з нашага чароўнага куфэрка, каб паглядзець валокны паперы?

Дзеці. Лупы!. 

Дзеці дастаюць кветкі з вады, бяруць лупы і разглядаюць кветкі.

В. Калі папера намакае, валокны становяцца тоўшчы або танчэй?

Дзеці. Тоўшчы.

В. Якія валокны зараз у нашых мокрых гарлачыкаў?

Дзеці. Тоўстыя.

В. Правільна, таму пад іх цяжарам нашы гарлачыкі і раскрылі свае пялёсткі ў вадзе.

Дзеці апускаюць кветкі  ў ваду і складаюць лупы назад у куфэрак.

В. Малайцы, дзеці!  Рухаемся далей!

Дзеці становяцца адзін за адным – “садзяцца ў цягнік”. Выхавальнік вядзе дзяцей за сабой “змейкай”, усе вымаўляюць словы.

Шу-шу-шу – рукамі   я  машу.

Шы-шы-шы – уздоўж дарогі камышы.

Ша-ша-ша- бачу малыша.

В. Мы з вамі вельмі доўга едзем. Дзеці, адкажыце калі ласка, як можна бавіць час, калі падарожнічаць на цягніку? (чытаць часопісы, казкі, газеты). А я прапаную расказаць забаўлянку. У мяне ёсць схема (мнематабліца) (выхавальнік дастае з чароўнага куфэрка), па якой мы з вамі зможам расказаць забаўлянку. 

 (Дзеці расказваюць забаўлянку па мнематабліцы і пры дапамозе пытанняў дарослага).

- Дзе ішоў Ягорачка? ( Горкай, горкай, горачкай.)

-Каго не баяўся, каго не пужаўся? (Ваўкоў не баяўся, страхаў не пужаўся.)

- Што выразаў Ягорачка? ( Дудачку-свісцёлачку.)

- Як зайграў Ягорачка? (Птушачкай – пяюшачкай.).

Дзеці  расказваюць забаўлянку па мнематабліцы.

Горкай, горкай, горачкай

Ішоў малы Ягорачка.

Ваўкоў не баяўся,

Страхаў не пужаўся.

Выразаў Ягорачка

Дудачку-свісцёлачку.

І свістаў ён птушачкай,

Птушачкай – пяюшачкай.

Горкай, горкай, горачкай

Ішоў малы Ягорачка.

На сустрач дзецям выходзіць Міхасік.

Міхасік. Бачу я, што вы маю дудку знайшлі.  Шлях да мяне быў складаны. Але вы ўсе заданні выканалі. Я ведаю, што вы на цягніку ехалі і прапаную вам пабудаваць з “Лега”-канструктара  чыгуначны вакзал з яго пабудовамі і цягніком.

В. Міхасік! Заданні былі цікавыя, складаныя. Дзеці справіліся, малайцы. Трымай сваю дудку і больш не губляй.

Міхасік. Дзякуй, дзеці што вярнулі дудку.  А зараз прапаную вам усім разам са мной падудзець беларускую народную песню “Саўка ды Грышка”

Дзеці аркестрам выконваюць песню “Саўка ды Грышка”.

Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці пакідаюць зал.

Дзеці (у свабодны час)  будуюць чыгуначны вакзал з яго пабудовамі і цягніком

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.